“Сінюю кнігу беларускага алкаголіка” перавыдалі па-руску

Пераклад  успамінаў пра жыццё беларускай інтэлігенцыі канца ХХ ст. праз прызму алкагольнай залежнасці герояў кнігі быў зроблены аўтарам і Міколам Захаранкам, якія працавалі над ім усю мінулую зіму. Кніга выйшла ў выдавецтве "Харвест".

Аўтар расказаў, што руская версія кнігі ўтрымлівае тры часткі, а не дзве, як арыгінальнае беларускамоўнае вяданне, да таго ж, часткі вытрыманы ў адзіным стылі па парадзе Лявона Баршчэўскага, які таксама ўзяў удзел у прэзентацыі.

На фота справа - Антон Кулон (Анатоль Астапенка).

Метадычна-павучальныя тэксты цяпер пададзены як дадатак. Таксама выданне дапоўнілася некалькімі новымі гісторыямі, пра што расказаў рэдактар Мікола Касцюкевіч, дадаўшы, што кніга стала лепей.

Мікола Касцюкевіч.

На фота: Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Мельнікаў, Лявон Баршчэўскі.

Альгерд  Бахарэвіч, які таксама  прыйшоў павітаць аўтара кнігі, выказаў шкадаванне, што абодва выданні “Сіняй кнігі алкаголіка” выйшлі пазней за яго”Гамбургскі рахунак”, бо з яе можна было б падчарпнуць некалькі невядомых яму сюжэтаў. Пісьменнік адзначыў, што з цікавасцю пачытаў пра нядаўнюю гісторыю Мінска ў ракурсе “падпольна-багемнага” жыцця.

На фота справа: Юрый Каранеўскі.

Выступалі і некаторыя ўдельнікі падзей, апісаных у кнізе, напрыклад, музыка Юрый Каранеўскі, які ведаў многіх яе герояў. Вечарыну наведалі прадстаўнікі Таварыства ананімных алкаголікаў, якія адзначылі, што кніга карысная для людзей, якія змагаюцца са сваёй залежнасцю.

Свае песні праспяваў на вечарыне бард Андрэй Мельнікаў.

Алена Казлова для lit-bel.org, фота аўтара.