Сон сюр з Някляевым у Брэсце

Пра салідарнасць, лаўрэата(ў) Мядовай прэміі ды інстытут імя Купалы

Амаль рэпартаж з элементамі эсэ

Бывае ж такое, здараецца – каб і хацеў прыдумаць, дык не, не атрымаецца. Так і гэтым разам было.

Пракаповіч і Пракопавіч

Амаль рэпартаж

Нядзеля, 28 студзеня. Першае ў гэтым годзе пасяджэнне Рады Берасцейскага аддзялення СБП, як даўно ўжо ёсць завядзёнкаю, ідзе ў рэдакцыі “Брестского курьера”. З’явілася тэхнічная праблема – адключылі батарэі, то ў памяшканні тэмпература вуліцы, некалькі градусаў цяпла. Таму ўсе ў паліто, кажушках, – адно што не ў пальчатках.

Але праз кароткі час антураж мяняецца. З’яўляецца госць – Уладзімір Пракопавіч Някляеў уласнай персонай. І разгортваецца ён, гэты няйначай сон пад Далі, – цалкам сюррэалістычная дзея. Някляеў сядзіць крыху збоку калдобістага цячэньня сходу, падпісвае кніжкі. Напачатку добра знаёмым прысутным – а такіх многа. Найперш Міколу Пракаповічу (не блытаць з Пракопавічам!), – з ім знаёмы яшчэ з сацецкіх часоў. Потым менш знаёмым прысутным. Паколькі паэт-пчаляр Мікола Папека чапляе госця на палітычныя тэмы, то яму пакуль нічога. Між тым праважаты Пракопавіча Язэп Янушкевіч, паказваючы на чарговую падпісваную кнігу, падымае градус: “Дык гэта ж бібліяграфічная рэдкасць, 1976 года! Рарытэт!!” І Папека (калекцыянер!) не вытрымлівае: вочы яшчэ спрачаюцца , але міміка выдае, як ён хоча кнігу, аб’яўленую апошняй. Дарэчна падключаецца Мікола Пракаповіч, нагадвае, што гэта Папекаў мёд мы прыносілі ня так даўно нашаму калегу і паплечніку ў Брэсцкую гарадскую бальніцу, дзе той ляжаў з гіпертанічным крызам і перасьледаваны пэўнымі цэрберамі. Някляеў паказвае на абліччы барацьбу пачуццяў, але бачна таксама, што ён унутрана згодзен. Супраць аргумента салідарнасці як супраць лома... І кніга (“...тут не я, тут пра мяне”) адыходзіць Міколу Папеку. Някляеў корпаецца ў ноўтбуку, дастае адтуль верш, чытае. Верш энергетычны, падабаецца прысутным. Адкуль ён такі? А з медыцынскага бланка! Аўтар згадвае, што ў брэсцкай бальніцы, калі яго затрымалі на мяжы, не было патрэбных лекаў, доктар адно выпісала рэцэпты, на адным з іх ён пачаў запісваць верш, а потым аддаў з ахвотнаю схадзіць у аптэку, і бланк з вершам застаўся там. “Але аптэкарка немаведама як даведалася, што гэта мой накід, здолела праз некага перадаць мне, і верш быў дапісаны”, – кажа берасьцейцам тое, што яны не ведаюць пра Берасьце, Някляеў. Рэдактар парываецца запісаць гісторыю для публікацыі, але тут умешваецца шматведны Мікола Папека. “У “Новым часе” пагартайце, там гэта ёсць”. Твар яго свеціцца задаволенасцю. Не тое, пра што падумалі – усё яшчэ кніжка. Ад Някляева. Грэе спадара Міколу знутры. Любіць, каб апошняе яму. Самае рэдкае. Самае-самае.

Заадно прысутныя даведваюцца, калі і каму будзе ўручана наступная, 17-я Мядовая прэмія. Але пастаўленая і ўмова: імя лаўрэата не раскрываецца! Затое з налёту і адразу прымаецца рашэнне пра Мядовую прэмію 2018 года (!!) Гучыць і імя лаўрэата (!!!). Яна будзе прысуджана паэту Аляксандру Рызо, які рызыкнуў прачытаць прысутным свой чатырохрадковік на беларускай мове. Верш спадабаўся, паэту сказалі, што ягоныя ранейшыя (піша на расійскай) вершы ўсе прайгралі, і калі напіша і выдасць за гэты год па-беларуску кнігу, то аўтаматычна атрымае пуд мёду ад Папекі.

Тут гэты, калі зважаць на фабулу і яе напаўненне, сюррэалістычны сон у духу Далі мае працяг. І ён даволі рэалістычны. Прысутным даводзіцца інфармацыя, што заявіў пра сваё жаданне ўступіць у Саюз Беларускіх Пісьменнікаў Петэр Бараш. Інжынер паводле адукацыі, ён яшчэ з савецкіх часоў жыве ў Брэсце, але мае радзімай Венгрыю і перакладае на венгерскую (вугорскую) мову творы беларускіх пісьменнікаў. І ўжо зусім без эфекту сну a la Далі, цалкам рэальна Уладзімір Някляеў выходзіць перад сход і падтрымлівае свайго перакладчыка рэкамендацыяй (Бараш пераклаў і выдаў адну кнігу Някляева, зараз працуе над другой).

Элементы эсэ

Пры такім міжнародным павароце падзей у Брэсце абнародую наступную ідэю. Яна метадалагічная.

Вядома, што любую справу можна рабіць некалькімі спосабамі (часам прынцыпова адрознымі), і яны будуць мець розны каэфіцыент карыснага дзеяння. Калі дэталізавацца: мая добрая знаёмая гэтак сама трапна, як яна добрая, заўважыла, што часта беларусы што б ні рабілі, робяць гэта так, як нагружаюць гной на воз. Хутчэй накідалі, накідалі, і но-о конік! Або, як канкрэтызацыя, і гэта ўжо пра іншы народ, векапомнае выслоўе Віктара Чарнамырдзіна пра “...што б ні рабілі, а выходзіць АКМ”.

Дэталізую далей. У Беларусі працуе Брытанская Рада (the British Council). Нягледзячы на тое, што ўчынілі імені класіка на радзіме (маю наўвазе фільм “FACK JU GÖHTE”, які карыстаецца ў Германіі шалёным поспехам), вельмі вынікова і даўно працуе інстытут імя Гётэ (das Goethe-Institut).

З нядаўняга часу надзвычай актывізаваліся ўсходнія суседзі, і нават у абласных гарадах там-сям адкрыліся Цэнтры расійскай навукі і культуры.

А мы, выходзіць, нямоглыя, босыя і голыя? Просім просьбітамі, глытаем кінутую ў нас як у тлум мудрасць вялікіх?

Але гляньма: ёсць Петэр Бараш. Другую ўжо кнігу зараджае. А берасьцеец Мікола Аляхновіч пераклаў, у сваю бытнасць у Венгрыі, каля дзесяці венгерскіх паэтаў на беларускую і выдаў кніжкаю “Такая тонкая размовы ніць” (кніга-полілінгва, у ёй, улучна з моваю перакладу, вершы на пяці мовах). Нават Коласа на беларускую пераклаў (маю наўвазе венгерскага паэта Ласла Коласа)!!

Ёсць у Германіі перакладчык з беларускай на нямецкую Томас Вайлер, натуралізаваўся наш Альгерд Бахарэвіч. У Англіі і ЗША тоесных ім людзей маем, некаторыя ўваходзяць у Саюз Беларускіх Пісьменнікаў. У Іспаніі такі чалавек гэта Анхела Эспіноса Руіс. І з беларускімі вершамі высокія месцы ў спаборах тут займае, і нашы вершы на іспанскую перакладае.

Дык чаму не рабіць гэта больш паяднана, пад эгідаю Янкі Купалы? Яго, дарэчы, таксама коцалі тут, як і Гётэ ў Германіі, але “... каб Сонца засланіць...”, вядома. Гэта імя-брэнд.

Натуральна, грошай на тое, каб адчыняць за мяжой установы, падобныя да інстытута імя Гётэ ды іншых названых устаноў, у Беларусі пакуль няма і доўга яшчэ не будзе. Але нішто не замінае, пры цяперашняй глабалізацыі, мець віртуальны інстытут імя Янкі Купалы, які там-сям падтрымліваў бы вартыя культурніцкія пачынанні і праекты, збольшага за мяжою краіны.

Дзяржава дык у гэтым зацікаўленая найперш. Бо малымі высілкамі можна рабіць важную і вялікую іміджавую працу, так неабходную за мяжою.

Сканцэнтраваўшы высілкі, мы ў ключавых краінах свету дапаможам увайсці ў грамадскі дыскурс найперш нашым класікам, – як тым, каго ўжо няма з намі, так і жывым (Алексіевіч, Разанаў). Але і Някляеў напэўна мае фігураваць таксама. І не таму, што так арганічна “прысніўся” брэсцкім літаратарам напрыканцы студзеня. А таму, што шматкаратны, як кажуць немцы, паэт, прадстаўнічая фігура.

Яўген Бяласін, фота аўтара