“Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”

21 кастрычніка а 17.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы
імя Я. Коласа НАН Беларусі (Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр –
пакой 110) адбудзецца прэзентацыя кнігі выдавецтва “Тэхналогія” “Сонца тваё не
закоціцца, і месяц твой не схаваецца” (Мінск, 2009). Гэта зборнік артыкулаў па
беларусістыцы і багаслоўі ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя
святарства айца Аляксандра Надсана.
100 аўтараў з 14 краін свету ахвяравалі яму свае навуковыя даследаванні
ў 14 гуманітарных і 9 багаслоўскіх дысцыплінах, а таксама вершы. Гэтая
ўнікальная кніга ўяўляе сабой зрэз сучаснай беларускай думкі і сусветнай
беларусістыкі, а таксама першую ў Беларусі вялікую калекцыю артыкулаў па
сучаснай тэалогіі, уклад у якую зрабілі даследчыкі з розных краін і розных
канфесій.
Рэлігійны дзеяч беларускай эміграцыі Аляксандр Надсан нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Гародзей
(цяпер Гарадзея) на Нясвіжчыне. З канца 1940-х г. жыве ў Лондане, з 1986 г. з’яўляецца
Апостальскім візітатарам для беларусаў католікаў замежжа.
З нагоды імпрэзы, на якой чакаецца прысутнасць самога юбіляра, у бібліятэцы
арганізавана выстава “а. Аляксандр Надсан: Жыццё для Беларусі”. На ёй
прадстаўлены кнігі, артыкулы, рэцэнзіі а. Аляксандра. Сярод іх выданні аўтара,
прысвечаныя славутым беларускім асветнікам Кірылу Тураўскаму (“Святы Кірыл
Тураўскі”. Лондан, 1968) і Францыску Скарыне (“Выбраныя малітвы з малой
падарожнай кніжкі”. Лондан, 1992), а таксама тэалагічная праца “Наша вера:
кароткі катэхізм хрысціянскай навукі...” (Мадрыд, 1990). Айцец Аляксандр
пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты для католікаў усходняга
(візантыйскага) абраду; яны былі афіцыйна зацверджаны Ватыканам у 1994 г.
На некаторых публікацыях можна ўбачыць аўтографы і дарчыя надпісы А. Надсана
ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі (“Фундаментальнай бібліятэцы імя Якуба Коласа
А.Н. БССР”), з якой ён супрацоўнічаў.
Асобны раздзел выставы прысвечаны публікацыям пра творчую дзейнасць святара.
Выстава адлюстроўвае шырокую сферу інтарэсаў выдатнага навуковага, рэлігійнага
і грамадскага дзеяча, любоў айца Аляксандра да Бога і Бацькаўшчыны.
Кантактныя асобы:
284 10 12 Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ
НАН Беларусі
219 07 45 Зміцер Санько, галоўны рэдактар НВК “Тэхналогія”