Спачуваем з нагоды смерці Рамана Тармолы-Мірскага

25 чэрвеня на 76-ым годзе жыцця сышоў у вечнасць сябра СБП, беларускі паэт Раман Якубавіч Тармола-Мірскі. Саюз беларускіх пісьменнікаў выказывае свае шчырыя спачуванні родным і блізкім пісьменніка.

Развітанне з паэтам адбудзецца сёння, 27 чэрвеня, з 10.00 да 12.00 на кватэры пісьменніка (вул. Сурганава, 57 кв. 15). Пахаванне пройдзе ў Міры, куды родных і сяброў літаратара даставяць аўтобусам.

Раман Тармола-Мірскі нарадзіўся 04.04.1936 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.

У 1960 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання. З 1977 г. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі мастацкіх фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з 1980 г. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі тэлевізійных фільмаў Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1964 г.

Першыя творы апублікаваў у 1957 г. («Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена»). Пры жыцці паэта выйшлі яго зборнікі паэзіі «Асколкі і росы» (1964), «Поўня» (1966), «Абнаўленне» (1968), «Побач» (1974), «Толькі б дагаварыць» (1986) і іншыя.

Прэсавая служба СБП