«Справа» № 3 пабачыла свет
У ім змешчаны мастацкія, навуковыя і публіцыстычныя творы на беларускай, украінскай, рускай мовах, а таксама на брэсцка-пінскіх гаворках.
Галоўны рэдактар «Справы» Алесь Наварыч у прадмове гаворыць пра неабходнасць і лагічнасць узмацнення беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў.
Прафесар Хакайдскага ўніверсітэта Матокі Намаці ў дасланым у рэдакцыю лісце высока ацэньвае працу аўтарскага калектыву «Справы» і асабліва адзначае важнае значэнне захавання аўтэнтычных гаворак.
Рубрыка «Класік» у гэтым выпуску прысвечана постаці Івана Франка, 160-годдзе якога адзначаецца сёлета. Чытачы могуць пазнаёміцца з ягонай біяграфіяй, прачытаць адно з найбольш вядомых апавяданняў класіка аб каханні і жарсці «Сойчына крыло». Андрэй Дынько ў сваім артыкуле разважае пра тое, што знакаміты пісьменнік сказаў бы пра сучасны свет, калі б мог устаць з магілы…
У рубрыцы «Пра класікаў» у гэтым выпуску змешчаныя два адметныя матэрыялы. Алесь Пашкевіч піша пра гісторыю літаратурных судачыненняў Максіма Багдановіча і Сымона Пятлюры. Украінскі гісторык і краязнаўца Леанід Лашчанка з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча падрыхтаваў артыкул пра тое, як будучы беларускі класік пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта настаўнічаў у школе ў Кіеўскай вобласці, запісаў успаміны пра яго былых калег і вучняў. Увагу чытачоў напэўна прыцягнуць унікальныя фотаздымкі Караткевіча, зробленыя ў той час.
Аматары прозы і паэзіі атрымаюць асалоду ад твораў вядомых беларускіх аўтараў Юрыя Станкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Панізніка, а таксама ўкраінскамоўнага паэта з Кобрыншчыны Сцяпана Семенюка.
У традыцыйнай рубрыцы «Гаворкі – наш скарб» у гэтым выпуску вершы Ніны Сацук, Любові Іванюковіч, Раісы Рамашкі.
Аляксандр Ільін публікуе захапляльны матэрыял пра брэсцкага пісьменніка-неарамантыка Андрэя Крыжаніўськага, які працаваў у 30-я гады мінулага стагоддзя, і ўвогуле пра літаратурны асяродак таго часу ў Брэсце. Чытачы таксама маюць магчымасць пазнаёміцца з эсэ «Мае продкі» гэтага неардынарнага творцы.
Актыўны аўтар «Справы», паэт і краязнаўца Сцяпан Шапяцюк, які раней друкаваў у альманаху вершы на гаворцы свайго сяла Лілікава, у гэты выпуск прадставіў успаміны пра бацьку на беларускай мове – кранальныя і вясёлыя.
Зінаіда Дудзюк у артыкуле «Пара высокага сонца» расказвае пра творчае сяброўства з вядомым украінскім пісьменнікам Валянцінам Грабоўскім. Зацікаўлены чытач знойдзе ў гэтым тэксце таксама многа малавядомых фактаў аб жыцці берасцейскай пісьменніцкай суполкі ў 80–90-х гадах мінулага стагоддзя.
Таксама у выпуску змешчаны літаратуразнаўчыя артыкулы, краязнаўчыя і гістарычныя матэрыялы.
Аздоба нумара – працы цудоўнай беларуска-ўкраінскай мастакоўскай сям’і са Слоніма Аляксандра і Тамары Сцяцэнкаў, размешчаныя на вокладцы.
Паводле прэс-рэлізу