«Справа» ў Бярозе
Старшыня Таварыства Наталка Бабіна гаварыла са школьнікамі пра карані, мову і творчасць.
Бярозаўскі сябар Таварыства, аўтар другога нумару “Справы” Мікалай Сінкевіч – пра сямейныя гісторыі і паданні, а таксама пра турыстычны патэнцыял Берасцейшчыны з яе ўнікальнай культурай, гісторыяй і мовай.
Каля ста чалавек паўдзельнічалі ў сустрэчы. Нас, гасцей, чакаў фантастычны прыём, абед і падарункі ручной работы – бярозы з бісеру, створаныя настаўніцамі, вартыя стаць брэндам і пазнавальным сімвалам гэтага цудоўнага горада.
Бяроза – невялічкі ўтульны гарадок з насельніцтвам 30 тысяч чалавек. Робяць яго ўнікальным гісторыя, культура, людзі. Тут знаходзіцца маленькі, але насычаны археалагічнымі знаходкамі музей.
Тут жа – надзвычайны цэнтр рамёстваў, дзе на чатырох старадаўніх бабіных станках ткуць ручнікі і андаракі, робяць вышыванкі і традыцыйныя бярозаўскія набіванкі з букетамі бэзу на чорным фоне.
Своеасаблівы сімвал цэнтра рамёстваў – традыцыйная драўляная птушка, якую бярозаўцы імкнуцца ўключыць у беларускі спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.
У Бярозе знаходзяцца два ўнікальныя архітэктурныя аб’екты: манастыр ордэна картэзіянцаў 17 стагоддзя і казармы. Манастыр быў закрыты расійскімі ўладамі пасля паўстання 1831 года, але яго руіны і цяпер уражваюць веліччу, аналагаў зафундаванага Сапегамі манастыра ў Беларусі бадай не засталося.
Казармы – пабудаваныя ў часы імперыі, у міжваенны перыяд выкарыстоўваліся польскімі ўладамі як канцлагер палітзняволеных. Тысячы беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў і нацыянал-камуністаў утрымліваліся тут у 1934-1939 гады.
Цяпер будынкі казарм мадэрнізавалі: у адным з іх зрабілі цэнтр рамёстваў, у другім адкрылі “Еўраопт”. Рэдкі выпадак, калі помнікі архітэктуры з такой складанай гісторыяй не разбураюцца, а ўключаюцца ў гарадскі ландшафт, іх жыццё працягваецца.
Дзякуй мілай Бярозе, арганізатару сустрэчы Мікалаю Сінкевічу, які так шчыра адкрыў нам горад, цудоўнаму калектыву школы – і асабіста шчыра адданаму сваёй справе і сваім вучням дырэктару Мікалаю Васіллевічу Жуковічу – і, канечне, уважлівым і гарэзлівым слухачам за кароткую, але такую цёплую сустрэчу.