Спроба адчыніць дрэвы. Ганна Янкута пра кнігу Кірылы Анохіна

Калі разбудзіць мяне ўначы і спытаць, ці падабаецца мне кніга Кірылы Анохіна “Асцярожна, дрэвы зачыняюцца” (“Кнігазбор”, 2013), што выйшла нядаўна ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Пункт адліку”, я, відаць, разгублюся і не буду ведаць, што сказаць. Уражанне, якое яна ў мяне пакінула, вельмі неадназначнае. На асобныя тэксты з кнігі я гляджу і ўвогуле не разумею, што яны тут робяць, але потым з’яўляецца нешта такое абаяльнае — як, напрыклад, вось гэтае:

Вярнулася на
дзень сонца. Паглядзець, як
мы тут без яго.

— і я разумею, што гэтая вельмі чалавечая радасць сонцу прымушае мяне забыцца і пра іншыя незразумелыя мне хайку, і пра іншыя незразумела навошта ўзятыя ў зборнік вершы. Баланс паміж “падабаецца” і “не падабаецца” захоўваецца вельмі хісткі: разгарнуўшы кнігу ў адвольным месцы, я разумею, што верш справа мне падабаецца, а верш злева — не, бо першы арганізаваны вакол удалага вобраза ці жарту, другі — вакол недарэчнага паралелізму ці няўдалай гульні.

Не ведаю, ці сапраўды сцісласць можна лічыць сястрой таленту, а калі і можна, ці маюць сваяцкія сувязі хоць нейкае дачыненне да творчасці, аднак нельга не лічыцца з тым, што сцісласць думкі — гэта адзін з самых відавочных прыёмаў Кірылы Анохіна. Часам яго тэксты ператвараюцца ў афарызмы:

паглядзі на зіму
і ніколі
так
не рабі

Асобныя вершы са зборніка вельмі лёгка расцягаць на цытаты. Скажам, верш:

хто калі не я
каго
калі не цябе

цалкам можа зрабіцца беларускай версіяй інтэрнэт-мема “OMG I accidentally [something]”. Увогуле мне здаецца, што калі гаворка ідзе пра вершы, памер значэння не мае. Адзіная праблема, якая можа тут узнікнуць, звязаная з цытаваннем: баюся, у гэтай нататцы мне давядзецца працытаваць не менш як палову зборніка.

Напісаць пра вершы Кірыла Анохіна нешта агульнае, нешта такое, што б датычыла ўсіх гэтых вершаў адразу, вельмі складана. Можна сказаць, што амаль усе яны пабудаваныя на гульні, але тое самае можна сказаць ці не пра кожнага другога сучаснага беларускага паэта. Нават пра двух з трох. Можна сказаць, што гульня гэтая амаль заўсёды мяжуе з лірызмам. Лірызм у такім выпадку не дае гульні ператварыцца ў гульню дзеля гульні, чыста літаратурную забаву, гульня ж перашкаджае лірызму зрабіцца штучным і пафасным. Адзін з выйгрышных бакоў зборніка вершаў “Асцярожна, дрэвы зачыняюцца” — менавіта ўдалае балансаванне паміж дзвюма гэтымі складнікамі. Як бы аўтар ні забаўляўся са словам, гэтая забава не засланяе жывое пачуццё: жарт пра долю жарту ў жарце робіцца тут надзвычай актуальным.

Гуляецца Кірыла Анохін па-рознаму. Часам ён абыгрывае пераносны сэнс словаў і выразаў, фразеалагізмы альбо штампы, напрыклад, як у вершы:

на ўваходзе ў маё становішча
вытры аб мяне ногі
я толькі што вымыў падлогу

Часам ён прыдумляе метафару і будуе верш вакол яе, нанізваючы адзін на адзін адпаведныя вобразы, як, напрыклад, у вершы:

ніводная
сістэма мераў і вагі
не прадугледжвае
вымярэнне майго
стану —
каму патрэбныя
мае
цяжкасці?

Часам гульня можа ісці на ўзроўні сінтаксісу:

пасля ўсяго
што між намі

На першы погляд гэты тэкст падаўся мне бязглуздзіцай, але потым я зразумела, што загадка мае як найменш дзве разгадкі: “Пасля ўсяго [гэтага], што [ёсць] між намі?” і “Пасля ўсяго, што [было] між намі…” Падазраю, што на гэтым можна не спыняцца. Зрэшты, нават у такой інтэрпрэтацыі гэты тэкст здаецца мне слабым: пры жаданні тлумачэнне можна прыдумаць для чаго заўгодна.

У асобных тэкстах гульня адыходзіць на другі план і амаль губляецца за лірычным пачуццём, робячыся яго арганічнай часткай (“адзінота разліваецца па зямлі”). Асобныя ж вершы выглядаюць як чыстая гульня, не выяўляючы нейкіх дадатковых сэнсаў. Гэта, напрыклад, датычыць верша, які пачынаецца словамі “дзякуй / я сам”, альбо верша “каб пазбегнуць…” Але калі гэтыя вершы-жарты могуць успрымацца калі не як добрыя вершы, то прынамсі як добрыя жарты, верш

усіх пералічаных
прашу
не лічыць мяне

здаецца занадта несур’ёзным нават для кнігі “Асцярожна, дрэвы зачыняюцца”. Афарыстычнасць, характэрная для тэкстаў Кірылы Анохіна, паварочваецца тут да нас адваротным бокам: тэкст пачынае нагадваць аднарадковыя жарты ў духу Уладзіміра Вішнеўскага, у якіх вельмі цяжка прасачыць нешта паэтычнае ці ўвогуле літаратурнае.

Калі паглядзець на вершы Кірылы Анохіна ў кантэксце сучаснай беларускай маладой паэзіі, то заўважаеш, што ён добра ў яе ўпісваецца (у гэтым плане паказальны верш “гісторыя неба…”, у якім канцоўка цалкам пераварочвае ўсё ўяўленне пра твор), але і заўважна з яе вылучаецца. Паэт не баіцца падацца занадта сур’ёзным ці сентыментальным, і ў яго вершах пачуццё выяўляецца вельмі непасрэдна, а дасціпная форма робіць яго яшчэ цікавейшым для чытача. Гэта амаль дзіцячая сур’ёзнасць, якая выклікае водгук і эмпатыю. Мабыць, калі аднойчы мяне разбудзяць ноччу і спытаюць, ці падабаецца мне кніга Кірылы Анохіна, я ўсё ж скажу, што падабаецца. Прынамсі, калі мне перад гэтым будуць сніцца добрыя сны.

Ганна Янкута

budzma.org