«Стары і новы псіхалагізм у літаратуры»: ад Талстога да Уліцкай

Інга-Ліна Ліндквіст

Псіхалагізм рэалізму праз вобраз жанчыны

У гэтай лекцыі я буду казаць пра літаратуру рэалізму, — адразу прамовіла лектарка.— Бо рэалізм не лёг і не памёр. Ён працягвае жыць. Рэалізм — гэта рэакцыя на рамантыку. Рамантыкі хацелі сысці ад рэчаіснасці. Рэалісты ж, наадварот, хацелі вывучыць рэчаіснасць”.

Менавіта гэты факт, па меркаванні Інгі-Ліны, і стаў падмуркам псіхалагічнага рэалізму.

Але сёння я хачу казаць пра жанчын. А канкрэтна – пра Ганну Карэніну. Ніхто не задумваўся, чаму ў рамане “Ганна Карэніна” так мала самой Карэнінай?— запытала пісьменніца.

Для таго, каб разабрацца, з чаго ж складаецца пераход ад старога псіхалагізму да новага, варта ведаць, што, па меркаванні сацыёлага Джона Марціна, у літаратуры ёсць два спосабы тлумачэння: тлумачэнне ад першай асобы і тлумачэнне ад трэцяй асобы.

Калі мы чытаем тлумачэнні ад першай асобы, то асоба адказвае на пытанне “Чаму Я гэта зрабіла?”,“Чаму Я так адчуваю?”. Калі тлумачэнне ідзе ад трэцяй асобы, яна тлумачыць, чаму іншы робіць так ці інакш. Напрыклад, я прыходжу з працы і кажу, што ў мяне кепскі настрой, бо пасварылася з начальнікам. Калі тлумачэнне ідзе ад трэцяй асобы, то яно гучыць прыкладна так:“У цябе кепскі настрой не праз тое, што ты пасварылася з начальнікам, а праз гарманальны збой!”.

Увесь вобраз Ганны Карэнінай пабудаваны ад трэцяй асобы: “А Талстой выкарыстоўваў вобразы для данясення яго праўды — і ён меў на гэта права. Ён выкарыстоўваў сваіх герояў, каб здолець праз іх нешта данесці да чытачоў”.

Цікава, што некаторыя крытыкі мяркуюць, што Карэніна проста не так зразумела Вронскага ў канцы. Яна магла б разабрацца, паразмаўляць з ім, а не кідацца пад цягнік. Але калі б гэтую гісторыю пісала Карэніна, то атрымалася б зусім іншая гісторыя.

“Усё было б напісана інакш, калі б Талстой быў бы жанчынай. Калі пісьменнік — мужчына, то ён укладае жанчыне ў галаву тое, што хоча данесці да чытачоў”, — заключыла Інга-Ліна.

Чаму, калі чытаеш Талстога, адчуваеш, што чытаеш па Фрэйду?

“Калі я чытаю Талстога, мне падаецца, што ў яго ўсё напісана па Фрэйду. Хаця Фрэйд жыў пазней за Талстога…”

Інга-Ліна выказала думку пра тое, што калі аповед вядзецца ад трэцяй асобы, пра што ўжо казалася вышэй, то гэта з’яўляецца асновай псіхааналізу.

“У практыцы Фрэйда быў такі выпадак. Да яго прывялі дзяўчыну Дору, якую дамагаўся сябар яе бацькі. Дора распавяла Фрэйду, што бацьку невыгодна было высвятляць адносіны з сябрам. Бо жонка прыяцеля — каханка яе бацькі. Фрэйд паверыў дзяўчыне і стаў з ёй працаваць. Спачатку ён сказаў, што падсвядома Дора была закахана ў бацькава сябра. Пасля ён сказаў, што дзяўчына была закахана ў яго жонку. А праз некаторы час Фрэйд высветліў, што Дора была закахана і ў свайго бацьку. Пасля гэтага дзяўчына не вытрымала і сышла ад Фрэйда, што вельмі пакрыўдзіла псіхааналітыка. Мне падаецца, што калі б Талстой пачаў тлумачыць паводзіны Ганны Карэнінай ёй самой, яна таксама б сабрала свае рэчы і з’ехала”..

Тлумачэнне ад трэцяй асобы дамінуе над уласным досведам чытача. Калі ты кажаш “не”, псіхааналітык табе кажа, што тваё “не” залежыць ад чагосьці яшчэ.

Інга-Ліна надала ўвагу таму факту, што навука пасля Талстога і Фрэйда не стаяла на месцы. Зараз навука Фрэйда ўсё больш кранае біялогію. Без біялогіі нельга зразумець псіхалогію. Новыя веды сталі больш карыснымі для жанчын. Навука паказала, якія працэсы могуць адбывацца ў жаночым целе. І праз іх жанчына можа быць рознай.

А з іншага боку, змянілася становішча жанчыны ў грамадстве. Зараз жанчыны свабодна могуць працаваць на ўзроўні з мужчынамі: “Карэнінай на той момант было каля 27 гадоў. Зараз мы не зможам знайсці безліч жанчын, якія б паспелі выйсці замуж, нарадзіць дзіця і сысці ад мужа ў 27. І сярэдняя працягласць жыцця жанчыны была значна меншая. Гэта сведчыць пра тое, што змяніліся ўмовы, у якіх жывуць жанчыны. Талстой не мог тады і падумаць, што жанчына зможа быць касманаўтам. Што азначае быць Талстым? Ведаць столькі шмат, але не ведаць таго, што мы ведаем сёння”.

Розніца паміж старымі і новымі прыёмамі псіхалагізму ў літаратуры

Прыёмы псіхалагізму ў класічнай літаратуры ўсім нам знаёмы. Іх добра можна пабачыць у рамане “Война и мир”. Распаўсюджаны прыём “апісанне прыроды” адлюстроўвае перажыванне і настрой герояў. “Шмат хто кажа, маўляў, я гэтыя апісанні перапускаю. Але ад гэтага нічога не мяняецца! Гэтыя апісанні раскіданы па ўсім тэксце”.

Другі прыём псіхалагізму ў класічнай літаратуры — гэта ўнутраны маналог. І трэці прыём — гэта стварэнне падзей, або сюжэту. Аўтар вырашае, якія перашкоды і выпрабаванні герой сустрэне на сваім шляху.

Прыёмы новага псіхалагізму ў рэалізме Інга-Ліна разглядала на прыкладзе твораў рускай сучаснай пісьменніцы Людмілы Уліцкай.

“Калі шведы сталі чытаць творы Уліцкай, то не знайшлі там ні апісання прыроды, ні ўнутранага маналогу. Там толькі ішлі падзеі за падзеяй. І крытыкі пісалі, што, маўляў, так, як яны, чытаюць толькі дзеці. А дарослым патрэбны сэнс. Але пасля яны прызналіся, што адарвацца ад кнігі проста немагчыма — настолькі захопліваюць адны падзеі”.

У гэтым і ёсць істотнае адрозненне “старога” рэалізму і “новага”. У сучасным рэалізме аўтары не даносяць сваю думку праз герояў і прыроду. Яны проста апісваюць падзеі: “Зараз у літаратуры важны кожны момант, бо твор — як і жыццё. Мы з вамі выйдзем з гэтага памяшкання і не будзем ведаць, што далей. Талстой і Дастаеўскі думалі, што калі яны павядуць цябе з кропкі А, то прывядуць у кропку В. У сучаснікаў адсутнічае веданне таго, што будзе пасля. Таму сціраецца іерархія, і аўтар прыроўніваецца да чытача”.

Інга-Ліна захоплена казала пра тое, што, калі аўтар апісвае падзеі ад першай асобы і сам не ведае, да чаго яны прывядуць, то адчувае нешта неверагоднае! Гэта своеасаблівая страта пісьменнікам кантролю: “Янонібыта трымае са мной кантакт нават тады, калі я закрываю кнігу. Гэта як і з цяперашнім момантам. Ён праходзіць, але не знікае”.

Самае галоўнае адрозненне паміж “старым” і “новым”, на думку Інгі-Ліны, — гэта тое, што сучасны пісьменнік не трымае кантроль над сітуацыяй, калі хоча нешта данесці да чытача. Талстой жа выкарыстоўваў сваіх персанажаў, калі хацеў нешта данесці.

Каб зразумець эвалюцыю псіхалагізму жанчыны, Інга-Ліна параіла слухачам прачытаць Элену Ферантэ:Калі я чытала гэты твор, я зразумела, што такое жаночы вобраз. Я першы раз прачытала кнігу пра жачыну-генія”.

Шведская пісьменніца параіла усім, хто будзе чытаць творы з новым псіхалагізмам, не прагортваць старонкі з апісаннямі нязначных падзей, якіх будзе досыць шмат. Бо менавіта нязначныя падзеі ў новым псіхалагізме становяцца прыступкамі да пераломных момантаў і падзей.

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org