«Стаю на канцы свайго жыцця» — дзеячу беларускай эміграцыі Барысу Кіту споўнілася 106 гадоў

Некалькі апошніх гадоў Барыс Кіт жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Пасьля пералому шыйкі сцягна ён перанёс апэрацыю, здольнасьць хадзіць не вярнулася, ён езьдзіць на інвалідзкім вазку.

Напярэдадні 106-га дня народзінаў карэспандэнту Свабоды ўдалося пагутарыць з Барысам Кітом праз тэлефон.

— Барыс Уладзімеравіч, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце, як здароўе?

— Здароўе моцна пагоршылася, але яшчэ ёсьць трохі. Я асабліва ня рухаюся, сяджу ў хаце. Не магу хадзіць, карыстаюся возікам. А апекуюцца мною тут нармальна…

— Умовы ў вашым доме-інтэрнаце вам падабаюцца?

— Ужо цяжка сказаць, што мне нешта падабаецца, бо я ўжо стаю на канцы свайго жыцьця і хутка мяне ўжо ня будзе…

— Як будзеце адзначаць 106 гадоў?

— Людзі будуць званіць, можа, хто-небудзь зойдзе, як заўсёды, буду вельмі рады, калі я яшчэ каго-небудзь цікаўлю… 106 гадоў — гэта вялікі ўзрост. У мінулым я шмат разоў думаў, што памру ўжо. Але не памёр… Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, 5 заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў сьмерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй сьмерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызваленьня праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца зь нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі…

— Барыс Уладзіміравіч, якія маеце навіны ад вашай сям’і?

— Ёсьць навіны. У маёй унучкі месяц таму нарадзілася другое дзіця, хлопчык. Яшчэ адзін праўнук. Гэта прыемная навіна. Уся мая сям’я жыве ў Амэрыцы, раскіданая па ўсіх канцах… А нядаўна памерла мая былая жонка Ніна Корсак, пахаваная ў Вашынгтоне. Такія навіны.

— Якія маеце кантакты зь Беларусьсю, зь беларусамі? Землякі звоняць, заходзяць?

— Ціха звычайна, ніхто не прыходзіць. Можа, заўтра, у дзень майго нараджэньня, будуць тэлефанаваньні.

Апошніх навінаў зь Беларусі Барыс Кіт ня ведае, ня мае магчымасьці сачыць. Але ён пазытыўна ацаніў, што летась у Беларусі выпусьцілі палітвязьняў, што ў грамадзтве стала больш запатрабаваная беларуская мова:

«Цешуся гэтаму, бо Беларусі належыць свабода».

У чаканьні віншаваньняў і зычэньняў з нагоды 106-годзьдзя Барыс Кіт выказаў і сваё пажаданьне беларускім прыяцелям:

«Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь стала свабоднай ад усялякіх непатрэбных рэчаў, якія апошнім часам былі».