Стэфан Эрыксан: Дзіцячую літаратуру варта ўспрымаць усур’ёз

Стэфан Эрыксан — надзвычайны і паўнамоцны амбасадар каралеўства Швецыі.

 

— Вы спрыяеце перакладу шведскай літаратуры на беларускую мову. Як Вы лічыце, якой літаратуры гэта больш ідзе на карысць, беларускай або шведскай?

 

— Я лічу, што гэта перш за ўсё на карысць беларускім чытачам, якія атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з творамі шведскіх пісьменнікаў. І, безумоўна, гэта вельмі прыемная падзея для шведскіх пісьменнікаў. Іх творы перакладаюцца на новыя мовы, на беларускую. Думаю, ад гэтага выйграюць усе. Выхад кнігі, перакладу — гэта заўжды падзея, і мы стараемся спрыяць гэтаму працэсу наколькі магчыма.

 

— А шведскія літаратары імкнуцца быць перакладзенымі на беларускую мову? Падаецца, апошнім часам шведы больш, чым іншыя заходнія краіны, звяртаюць увагу на беларусаў.

 

— Я не ведаю, наколькі самі пісьменнікі імкнуцца, каб іх перакладалі. Канечне, ім гэта прыемна, але ўсё ж у гэтым кірунку мусяць працаваць выдавецтвы. У нас шмат кантактаў паміж пісьменнікамі, яны прыязджаюць сюды. Гэта дае ім магчымасць пазнаёміцца з Беларуссю, і часам яны хочуць самі нешта зрабіць, каб іх пераклалі.

 

— Выйшла ўжо даволі шмат перакладных шведскіх кніг. А што б Вам яшчэ хацелася пабачыць па-беларуску?

 

— Я б вельмі хацеў, каб па-беларуску выйшла больш дзіцячай шведскай літаратуры. Яна вельмі цікавая, і думаю, у гэтым вялікая заслуга Астрыд Ліндгрэн, таму што ўслед за ёй з’явілася цэлая плеяда дзіцячых пісьменнікаў, якіх сапраўды варта перакладаць. І іх перакладаюць на розныя мовы. Я ведаю, што беларускай дзіцячай літаратуры не хапае. Ёсць, канечне, класіка, але новай дзіцячай літаратуры няшмат. Прынамсі, няшмат выдаецца.

 

Дзіцячую літаратуру варта ўспрымаць усур’ёз. Можа, яе так і ўспрымаюць, але, відаць, не да канца, і яна не лічыцца такой жа вартай і прыярытэтнай, як, скажам, паэзія ці проза. Але гэта вельмі важна. Думаю, калі мы будзем спрыяць выхаду шведскай дзіцячай літаратуры, яна будзе ў нечым натхняць і беларускіх дзіцячых пісьменнікаў.

 

Канечне, было б добра, калі б выйшла таксама шведская класіка. Але важней, думаю, каб выйшла больш сучаснай шведскай літаратуры, а таксама дэтэктываў. Шведскія дэтэктывы цяпер чытаюць ва ўсім свеце. Хтосьці, мабыць, лічыць, што гэта несур’ёзная літаратура, але ж літаратура мусіць быць рознай, павінен існаваць і такі жанр. Людзі часта хочуць адпачыць, хочуць лёгкай літаратуры. І я мару пра тое, каб які-небудзь шведскі дэтэктыў выйшаў велізарным накладам па-беларуску. У нас звычайна гэта 100 тысяч, нават мільён асобнікаў. Ёсць Стыг Ларсан, ёсць Хенінг Манкель… Нашыя дэтэктывы лічацца цікавымі.

 

— А ці шмат чытаюць шведы, на Вашую думку?

 

— Мне здаецца, людзі пачалі чытаць больш. Параўноўваць цяжка, але калі заходзіш у кнігарню, бачыш вельмі шмат новых кніг.

 

— Але шведы цяпер чытаюць у асноўным лёгкую літаратуру. Як яны ставяцца да класікі?

 

— Так, самая папулярная цяпер літаратура — сучасная, калі хочаце, лёгкая. Але звычайна дарога да больш складанай літаратуры і ляжыць праз лёгкую. Таму адно другому не перашкаджае. Галоўнае, каб людзі чыталі.

 

— А якая замежная літаратура папулярная ў Швецыі? Вашыя суайчыннікі ў асноўным чытаюць шведаў ці любяць замежную літаратуру таксама, у перакладах?

 

— Канечне, у нас шмат перакладаецца. Не магу сказаць дакладна, чаго больш, але шведская літаратура, мабыць, усё ж такі на першым месцы. Большасць кніг, якія перакладаюцца на шведскую, ствараецца на вялікіх мовах — ангельскай, французскай, нямецкай, а таксама на іншых скандынаўскіх — нарвежскай, дацкай, ісландскай. Думаю, такія літаратуры добра прадстаўленыя. А што да іншых моваў, дык я не ўпэўнены, ці ўсё сапраўды вартае перакладаецца. Трэба, каб хтосьці спрыяў гэтаму працэсу, каб былі зацікаўленыя і аўтары, і перакладчыкі, і выдавецтвы.

 

— Наколькі добра шведы чытаюць па-ангельску? Англамоўную літаратуру яны чытаюць у асноўным у перакладзе ці ў арыгінале?

 

— Як цяпер, я не ведаю. Але фактычна ва ўсіх кнігарнях ёсць даволі вялікі аддзел англамоўных кніг. І яны, безумоўна, не адразу выходзяць у перакладзе. Напрыклад, калі чакалі чарговай кнігі пра Гары Потэра, знайшліся дзеці, якія чакаць не маглі і бралі ды чыталі па-ангельску. Думаю, з дарослай літаратурай тое самае. Не сказаў бы, што ўсе купляюць па-ангельску, але камусьці цікавей чытаць арыгінал. Я, калі маю магчымасць, люблю чытаць у арыгінале, але не заўжды атрымліваецца.

 

— А ці шмат у Швецыі часопісаў, прысвечаных перакладной літаратуры? У нас “ПрайдзіСвет”, а ці ёсць яму нейкія шведскія аналагі? Можа, нейкія таварыствы перакладчыкаў ёсць?

 

— Я так даўно жыву не ў Швецыі, што не магу сказаць дакладна. Натуральна, выходзяць літаратурныя выданні, але я не ўпэўнены, што яны адыгрываюць вялікую ролю: цяпер мала хто чытае кнігі ў часопісах. Думаю, гэтыя часопісы больш па літаратуразнаўстве.

 

— Вы перакладалі на шведскую мову творы Уладзіміра Арлова і Васіля Быкава. Чым Вы кіраваліся, абіраючы гэтых аўтараў?

 

— Тое было даволі даўно і амаль выпадкова. Калі я сюды прыехаў, Быкава, на жаль, ужо не было на свеце. Але я чуў пра яго. Гэта, мабыць, адзін з рэдкіх беларускіх пісьменнікаў, пра якіх я ведаў перад прыездам сюды. Ён прыязджаў у Швецыю, якраз быў на кніжным кірмашы ў Гётэборгу ў пачатку 2000-х. Што мяне натхніла заняцца перакладамі, я ўжо не памятаю, відаць, хацеў паспрабаваць нешта новае. Я ўжо больш-менш авалодаў беларускай мовай і хацеў паспрабаваць. Знайшоў сярод яго позніх твораў апавяданне “Сцяна”. Гэты твор заўжды актуальны, таму я яго пераклаў.

 

— Цікава, як наогул прымаюць перакладную беларускую літаратуру? Напрыклад, Барыс Пятровіч з “Фрэскамі” прыязджаў у Швецыю. Якімі накладамі выдаецца беларуская літаратура і хто яе чытач у вашай краіне?

 

— Зразумела, што такая літаратура не выходзіць масавымі накладамі. І тут таксама трэба працаваць, каб людзі даведваліся. Наколькі я ведаю, перакладзеныя з беларускай творы ўспрынялі добра. Цікавасць да Беларусі, у прынцыпе, даволі вялікая. На сёлетнім кніжным кірмашы ў Гётэборгу адбылася прэзентацыі адразу некалькіх кніг: “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” Артура Клінава, “Плошча” Барыса Пятровіча, зборнік вершаў Андрэя Хадановіча.

 

— З якімі складанасцямі Вы сутыкнуліся падчас перакладу?

 

— Я адчуў, што самае складанае — гэта не зразумець іншую мову, а неяк сказаць гэта на сваёй. Родную мову нібыта і добра ведаеш, але часам бывае вельмі цяжка сказаць так, каб пераклад і адпавядаў арыгіналу, і не гучаў штучна. Гэта не так і проста.

 

Алеся Башарымава, Юля Цімафеева

Фота — Анка Упала

 

Чытаць артыкул цалкам на prajdzisvet.org