“Сто твораў ХХ стагоддзя” Сяргея Харэўскага ― фотарэпартаж з прэзентацыі

Над кнігай нарысаў “Сто твораў ХХ стагоддзя” Сяргей Харэўскі працаваў апошнія 15 гадоў. Кніга выйшла дзякуючы Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту ў Вільні. Прэзентацыя доўгачаканага выдання прайшла ў кнігарні «ЛогвінаЎ» 20 студзеня. Вашай увазе ― фотарэпартаж з імпрэзы.

Сяргей Харэўскі

 

За час напісання кнігі імёны многіх аўтараў сцерліся з калектыўнай памяці, некага не стала, нехта так і не быў ушанаваны народным прызнаннем і любоўю. Спадар Харэўскі – адзін з нямногіх, хто нясціпла расказвае пра беларусаў як наватараў, першаадкрывальнікаў, таленавітых творцаў, якім не знойдзецца роўных ні на радзіме, ні ва ўсёй Еўропе.



Аўтар выступае міфатворцам нашага часу, які ажыўляе найважнейшыя постаці нацыянальнай гісторыі, падказвае, каго ведаць і кім ганарыцца, прысвойвае страчаных мастакоў-эмігрантаў, вяртае іх у кантэкст нацыянальнай беларускай культуры. Аднак беларускае мастацтва большае за 100 твораў, большае за 100 дзеячаў, і хочацца спадзявацца, што гэтую лічбу будуць памнажаць не толькі мастацтвазнаўцы, але і нашае грамадства.


Уладзімір Сцяпан, Адам Глобус, Уладзімір Арлоў


Сяргей Харэўскі і Валянцін Акудовіч

 

На адкрыцці выступалі калегі і сябры аўтара – Максім Жбанкоў, Валянцін Акудовіч, Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч і іншыя. Больш за ўсё хочацца цытаваць Віктара Марціновіча, які не шкадаваў самых гучных, правакацыйных і разам з тым узнёслых словаў. Ён назваў Сяргея Харэўскага чалавекам, які пераўзышоў уласнае цела, уласную фізічную абалонку, і з’яўляецца сапраўдным антрэпрэнёрам, што расказвае пра беларускае мастацтва не Захаду, а нам, дурным, тым, што забылі, тым, хто не памятае.

Віктар Марціновіч


Алеся Раманюк

 

У старажытнай Грэцыі ў часы элінізму з’явіўся “малы” жанр літаратуры, у межах якога паэты складалі спісы сямі абраных шэдэўраў свайго часу, сямі цудаў свету. Першы такі трактат быў напісаны гісторыкам Герадотам, які таксама першы абазначыў продкаў беларусаў на мапе Зямлі. Для сучаснай Беларусі сем — касмічна малая лічба, а 100 – ментальна прымальная. Кніга Сяргея Харэўскага прысвечаная рукатворным помнікам беларускага мастацтва, за кожным з якіх стаіць герой найноўшага часу – ад канца ХІХ ст. да нашых дзён. Нарысы біяграфічнага і мастацтвазнаўчага характару акрэсліваюць усю геаграфію беларускага мастацтва абазначанага перыяду. Пачатак гэтай працы быў пакладзены публіцыстычнымі артыкуламі на старонках “Нашай Нівы”, на якія мастацтвазнаўцу падгаварыў Сяргей Дубавец, галоўны рэдактар легендарнай газеты ў 1990-я.


 

 

Падрыхтавала А. Раманюк. Фота – Аляксандр Ждановіч

Гл. рэпартаж цалкам на budzma.org