Стракатая коўдра чалавечых лёсаў

Займець кнігу мне захацелася не праз збіранне серыі – яна, як і ўсе падобныя выдавецкія лінейкі, вельмі няроўная і розная, – а выключна з прычыны цікавасці да перадачы. Пачутая аднойчы на хвалях радыё, яна прыцягнула маю ўвагу назаўсёды. Канешне, як і бальшыня слухачоў, на ўсе выпускі запар я не патрапляў, але і тыя, асобна ўхопленыя гісторыі пакідалі моцнае ўражанне ды запаміналіся надоўга. Яшчэ адной прычынай была прыемнасць, што аўтар сімпатычнага “Чорнага пісталета” ізноў узяўся за пяро.

Атрымаўшы кнігу, я раннім ранкам сеў за яе з кубкам кавы і… ўстаў, загарнуўшы апошнюю старонку, толькі абедам. Ад пачатку чытання мяне ахінула адчуванне ўтульнасці – нібы я, малы і сонны, сяджу на прыпечку ў вясковай хаце і, прымружыўшы вочы, слухаю гісторыі незнаёмых людзей. Яны, розныя – вясёлыя і страшныя, павучальныя і абсурдныя – ахутвалі мяне стракатай, пашытай з рознакаляровых лапікаў коўдрай. Менавіта так: стракатая коўдра чалавечых лёсаў, жывая добрая гісторыя – гэта першае ўражанне ад кнігі…

Некаму, пазбаўленаму схільнасці да падобных лірычных сантыментаў, падасца, што кніга ёсць хутчэй чарговай спробай напісаць сваю кароткую гісторыю Беларусі. Няхай так. Але з той агаворкай, што гэтая гісторыя напісаная надзвычай сціплым аўтарам са словаў гэткіх жа сціплых апавядальнікаў, што і робіць такую “кароткую гісторыю” сапраўды народнай, пазбаўленай акадэмізму, а значыць, і залішняга пафасу.

Заўважнай рысай кнігі сталася непадробная шчырасць суразмоўцаў. Тая, сапраўдная, якой не вучаць на журфаках і супрацьстаяць якой можна толькі гэткай жа шчырасцю пытанняў. Радасная і важная справа. Бо гэты просты і смешны гаварушчы верабейка мацней за грунтоўныя гістарычныя доследы супрацьстаіць усім абрыдлым партызанскім мемуарам, саўдэпаўскай хлусні і тэлеванітам пра тое, як добра было беларусам пры СССР. Непрыхарошаная, аглухлая, падслепаватая, з кепскім пахам з рота самая беларуская памяць ў кароткіх парывах шчырасці сведчыць пра тое, чаго ад яе не хацелі чуць ніколі. Нават тады, калі пісалі пра вогненную вёску…

Вось жа, Змітру Бартосіку ўдалося ўнікнуць такога папулярнага зараз смакавання чарнухі. Жахі і трагедыі не прыцягнутыя ім знарок, яны настолькі арганічна спалучаюцца з гумарам і пазітывам тутэйшай філасофіі, што ствараецца ўражанне сапраўднага жыцця.

Напрыканцы адзначу, што не варта ўспрымаць гэтую кнігу як звычайныя запісы-нататкі журналіста. Дыхтоўнае ўступнае слова, што тут складаецца не са звыклых дзяжурных абзацаў, а з дзясяткаў старонак, поўнае глыбокіх і цікавых падсумаванняў, якія разам з гісторыяй паўсядзённасці ў гутарках-абразках выдаюць на тое, што аўтара можна павіншаваць з добра зробленай працай, а чытача з вартай кнігай на паліцы.

Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org