Стваральнік курсаў «Моваведа» Аляксей Шэін напісаў фэнтэзі для падлеткаў

Герой рамана хлопчык Ясь трапляе ў дзіўную краіну Эферыю, дзе сутыкаецца з рознымі прыгодамі і робіцца ўдзельнікам барацьбы за свабоду. Карэспандэнт «Будзьмы» пагаварыла з аўтарам, які ажыццявіў мару.

– Вы стварылі моўныя курсы «Моваведа», займаліся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Калі вы сталі яшчэ і пісьменнікам?

– Грамадскай і палітычнай дзейнасцю я пачаў займацца таму, што ў краіне не ўсё добра. Калі б была нармальная Беларусь або з ніжэйшым узроўнем праблемаў, то вялікая колькасць людзей, якія цяпер у апазіцыі, магчыма, займалася б чымсьці іншым – мастацтвам, бізнесам, навукай.

Пісьменнікам я марыў стаць з дзяцінства, калі ўжо зусім шчыра. Недзе гадоў у сем у мяне была суперпапулярная тады кніга – «Приключения Арбузика и Бебешки». Я чытаў з шалёнай зацікаўленасцю. Мне было шкада, калі кніга скончылася, і я напісаў працяг.

– І якім ён быў?

– Цяпер ужо слаба памятаю. У Скобелева дрэнныя героі называліся зялёнахвостыя, а я прыдумаў сінятварых. Зразумела, дабро павіннае было перамагчы зло.

У школьна-студэнцкія часы тое-сёе друкавалася ў часопісе «Першацвет», а пасля заняўся грамадскай дзейнасцю, і жаданне пісаць як адрэзала. Але потым нарадзіліся дзеці. У нас з жонкай тры хлопцы: аднаму пяць, другому чатыры, трэцяму два. Ім хочацца паслухаць нейкіх гісторый. Вось тады я выразна пабачыў, што ў беларускай літаратуры існуе недахоп дзіцячых кніг, і адкапаў сваю старую ідэю прыгодніцкага рамана. «Сем камянёў» я пісаў тры з паловай гады. Пачынаў як кнігу для маленькіх, але ў працэсе зразумеў, што гэта не зусім мая тэма, і ўрэшце атрымалася для падлеткаў 12-15 гадоў.

– Для вашых дзяцей гэта кніга навыраст.

– Навыраст, але нам з жонкай ужо давялося прачытаць дзецям, бо яны ж пытаюцца: «Тата, што ты пішаш? А пачытай нам». Хоць не ўсё ім, магчыма, было зразумела.

Я б наважыўся сказаць, што ў гэтым жанры – класічнага ці прыгодніцкага фэнтэзі – гэта першая кніга па-беларуску.

– А як жа кнігі Ксеніі Шталянковай, Людмілы Рублеўскай, Антона Францішка Брыля?

– Так, пра ўсіх гэтых аўтараў я ведаю, але гэта, мне здаецца, больш гістарычнае фэнтэзі. У мяне не вядзецца пра гісторыю Беларусі, гэта проста спроба напісаць прыгодніцкую казку. Гэта хутчэй адсылка да класікі 40-50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі фэнтэзі “станавілася на ногі”.

— Вы самі чытаеце шмат фэнтэзі?

– Як ні дзіўна, фэнтэзі я амаль не чытаю. Проста мне захацелася напісаць казку, і я зразумеў, што гэта быў бы найлепшы для яе жанр. У дзяцінстве чытаў Роберта Говарда, кнігі пра Конана. Чытаў класічнае фэнтэзі – Льюіса, Толкіна, крыху іншых аўтараў, але не магу сказаць, што фанат гэтага жанру.

– Вы адзін з заснавальнікаў Маладога Фронту. У кнізе дзеці вядуць актыўную барацьбу. Хлопчык б’ецца на мячах, спрытна раскідваючы вакол сябе вартаўнікоў турмы, дзяўчынку арыштоўваюць за расклейванне ўлётак. Ці можна сказаць, што гэта метафарычнае адлюстраванне дзейнасці Маладога Фронту?

– Гэта не ксеракопія Беларусі з размалёўкай уручную каляровымі алоўкамі. Гэтая кніга – больш метафара барацьбы дабра са злом, справядлівасці і несправядлівасці. Яна пра веру, свабоду і каханне. Але зразумела, што мой бэкграўнд уплывае, як і досвед любога пісьменніка адлюстроўваецца на тым, што і як ён піша. Хлопчык умее фехтаваць, і я калісьці ў дзяцінстве займаўся фехтаваннем.

– З завязанымі вачыма, як ваш герой?

– Вось гэта ўжо прыдумка. Расклейванне ўлётак – так, я і сам гэта праходзіў. Але я не хацеў пісаць палітычны памфлет, бо праз пяць гадоў яго ўжо будзе нецікава чытаць.

– З іншага боку, сюжэт змагання за свабоду вечны, ён будзе падобны ва ўсе часы.

– Інструментарый барацьбы падобны. Толькі цяпер сродкі інфармавання іншыя. Ёсць такі фільм «Цудоўная ласка» пра ангельскага палітыка Уільяма Уілберфорса, які змагаўся за адмену рабства ў Вялікабрытаніі. Гэты фільм выйшаў некалькі гадоў таму ў перакладзе на беларускую з ініцыятывы Андрэя Кіма. Там вядзецца пра XVIII стагоддзе і кампанію па прасоўванні закона па адмене рабства. Героі збіраюцца і абмяркоўваюць дзеянні: трэба аб’ехаць гарады, надрукаваць улёткі, сабраць тысячы подпісаў. Я гляджу і разумею, што за трыста гадоў нічога не змянілася.

– Вашыя героі рыхтуюць паўстанне, але ў апісанні бітваў вы неяк тактоўна пазбягаеце таго, што ў іх мусіць нехта гінуць. Можа, гэта няшчыра, і падлеткі такога не зразумеюць?

– Я разважаў, як трэба пісаць пра смерць, і вырашыў не акцэнтаваць, не распісваць, што кроў б’е фантанам, хаця зразумела, што калі страляюць з арбалетаў, то пераразаюцца артэрыі, і яна сапраўды б’е. Але гэта нічога не дадасць да таго, што я хацеў сказаць.

У кнізе ёсць драматычныя моманты, калі гіне шмат людзей, аднак усё гэта не смакуецца. Гэта не “Галодныя гульні”, тут маладзейшая аўдыторыя.

– Вы былі сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Пра вашую кнігу пішуць, што ў ёй моцны хрысціянскі падтэкст. У чым ён праяўляецца – гэта цытаты з Бібліі, адсылка да біблейскіх сюжэтаў?

– Хрысціянская аснова найперш выяўляецца ў агульных каштоўнасцях. Здаецца, што тут даказваць? Але паверце, калі я размаўляю з людзьмі розных узростаў, то даволі часта сустракаю сцверджанне, з якім абсалютна не згодны: няма дабра і зла, усё адносна, у кожнага сваё дабро і сваё зло.

Але я веру ў іншае, і мая кніга пра тое, што чалавеку трэба ўмець вызначыць, дзе дабро, і намагацца яго трымацца, нават калі ад гэтага табе бывае не заўжды добра. Для многіх маіх знаёмых гэта стала асабліва відавочна пасля ўкраінскіх падзеяў.

А для тых людзей, якія ведаюць і чытаюць Біблію, будзе цікава знайсці ў кнізе своеасаблівыя «велікодныя яйкі» – пэўныя вобразы, часам амаль дакладныя, а часам перафразаваныя цытаты, сімвалы. Я не буду раскрываць, можа, камусьці будзе цікава гэтыя адсылкі знайсці самому.

– Вы не думаеце, што калі звычайны падлетак пачуе пра хрысціянскія матывы ў кнізе, яго гэта адштурхне, бо ён падумае, што яго зараз будуць павучаць ці настаўляць, а яму хочацца толькі прыгодаў і бітваў?

– Першая мэта маёй кнігі – проста расказаць цікавую гісторыю. Але ў мяне ёсць шмат знаёмых, якія з’яўляюцца вернікамі розных канфесіяў. І я хацеў бы зрабіць беларускамоўны прадукт, цікавы ў тым ліку і для моладзі хрысціянскай. Магчыма, для кагосьці з іх гэта будзе першы раман, прачытаны па-беларуску. Хаця гэтая кніга пісалася не для хрысціян, яна для ўсіх.

– Як кніга прыйшла да выдання?

– Калі казаць пра фінансавы бок, то гэта грошы беларускага бізнесоўца, які ўкладае іх у спадзеве, што кніга не толькі будзе карыснай, але і зможа быць прададзенай.

– Ого, так бывае?

– Бывае. Ёсць міф, што беларускае не прадаецца. Я б хацеў паспрабаваць з гэтым пазмагацца. Мне хацелася б, каб чалавек, які кнігу набудзе, адчуваў, што нехта стараўся зрабіць для яго падарунак. Таму ілюстраванне і вонкавы выгляд мусяць быць амаль дасканалымі. З пошукам мастака, Рамана Сустава, быў такі свайго роду знак.

Я зайшоў аднойчы ў Цэнтральную кнігарню і пабачыў кнігу, якая ўразіла афармленнем. Друк вокладкі быў няякасны, але ідэя і сама графіка ўразілі. Я нават прозвішча мастака запісаў сабе. А потым аказалася, што мой сябар добра ведае гэтага чалавека.

– Час ад часу робяцца спробы пісаць масавае захапляльнае чытво па-беларуску. Уладзіслаў Ахроменка, напрыклад, пазіцыянаваў сваю «Тэорыю змовы» як лёгкі жанр, кнігу для электрычак. Але беларускамоўная белетрыстыка так і не выходзіць далёка за межы культурніцкага асяродку і ні ў якія электрычкі не трапляе. У вас ёсць нейкая рашучая стратэгія, каб вашая кніга да падлеткаў усё-такі дайшла?

– Пакуль будзем распаўсюджваць класічным шляхам на розных культурніцкіх і хрысціянскіх пляцоўках. Спадзяюся, народзяцца і іншыя ідэі. Думаю, калі чалавек кажа, што хоча зрабіць чытво для электрычак, то ён павінен ці сам ісці ў электрычкі і прадаваць, ці рабіць вельмі выгадную прапанову прадаўцам. То бок у нашай беларускай сітуацыі важна непасрэдна кантактаваць з тым, для каго ты пішаш.

–  Першая кніга ўжо ў друку. Можа, вы ўжо далей нешта пішаце?

– Пішу. Якраз хачу напісаць якасную белетрыстыку па-беларуску. Гэта будзе прыгодніцкі дэтэктыў. Калі знаходзіць беларускія аналагі, то найбольш блізкі (менавіта па жанры, не кажу пра мастацкія якасці) «Чорны замак Альшанскі», дзе падзеі адбываюцца ў сённяшняй рэчаіснасці, але звязаныя з мінулым, з гісторыяй і дзе трэба разгадваць загадкі. У мяне яны тычацца Бібліяў Скарыны.

– Вось у вас была мара, а потым вы адкінулі ўсе справы, селі і тры гады працавалі. Сумневы ж заўжды ёсць. Цяжка было насмеліцца, не кінуць?

– Я б сказаў, “жэстачайшэ” цяжка. Але я ўрэшце зрабіў выбар. Мне здаецца, большасць людзей у нашай краіне пражывае жыццё міма сваёй мары. Часам даросламу чалавеку, якому 20-30 гадоў, проста трэба адказаць сабе на пытанне: кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш? І калі ён дасць сабе шчыры адказ, адкінуўшы акалічнасці і абавязкі, і не пабаіцца пачаць гэта здзяйсняць, то ў нас будзе іншая краіна.

Калі я задумаўся пра кнігу, то падчас малітваў глыбока ў сабе ставіў перад сабой і перад Богам пытанне: як зрабіць? І зразумеў, што трэба зыходзіць з палітычнай дзейнасці, што я і зрабіў.

– Дзеля кнігі?

– Так, у тым ліку і таму, што мне трэба было займацца кнігай. Палітычная дзейнасць у беларускай сітуацыі складаная, але вельмі прывабная. Сёння ты на Акрэсціна сядзіш, а праз тыдзень сустракаешся з прэзідэнтам нейкай краіны. Як чалавеку, які мае патрэбу ў адрэналіне, мне цяжка было ад гэтага адмовіцца. Але я зразумеў, што, даруйце за пафас, у Беларусі, каб памяняць сітуацыю, трэба займацца рэчамі больш глыбіннымі, заліваннем падмуркаў, якіх, магчыма, і не відаць нейкі час.

У мяне раней была ілюзія, што кнігу трэба пісаць па натхненні. Сама ідэя рамана з’явілася яшчэ ў 2003 годзе, а канкрэтна пісаць яго я ўзяўся ў 2011-м. Усе гэтыя восем гадоў я чакаў натхнення. Калі яно прыходзіла, я мог напісаць некалькі абзацаў. За гэтыя гады я напісаў недзе шэсць старонак. І зразумеў, што жыццё праходзіць. Тады вырашыў, што буду сядаць і пісаць пэўную колькасць словаў.

– Колькі вы пісалі?

– Вырашыў пісаць недзе 700 словаў на дзень. Можа, такі метад утылітарны і нерамантычны, але ён дае вынік. А тыя шэсць старонак, напісаныя за восем гадоў, былі самыя слабыя з усёй кнігі. Так што большасці людзей, якія хочуць напісаць раман, трэба ставіць перад сабой вельмі практычныя планы.

– Вы баіцеся негатыўнай рэакцыі на ваш дэбют, яна магла б вас спыніць?

— Не, абсалютна. Хоць вядома ж, як любы аўтар, я хацеў бы, каб кніга зацікавіла і штосьці дала чытачу.

Гутарыла Аляксандра Дорская, budzma.by