Ствары свайго каляднага анёла!

У межах свайго візіту ў Беларусь шведская госця ўзяла ўдзел у шэрагу творчых сустрэч у Мінску і Мінскім раёне, кожная з якіх мела сваю тэматыку і сваю мэтавую аўдыторыю.

Уверсе, злева направа: Сара Лундберг, праект-менеджар ГА "СБП" Аляксандра Дварэцкая, перакладчыца кніг пра Віту Белую Крэску на беларускую мову Надзея Кандрусевіч

Напрыклад, спадарыня Сара падзялілася сваім прафесійным досведам з маладымі калегамі, навучэнцамі Школы маладога пісьменніка, літаратарамі і мастакамі, аўтарамі кніг для дзяцей. У той жа час асобныя праграмы былі прысвечаныя чытачам рознага ўзросту: майстар-клас па маляванні аўтарка "Віты Белай Крэскі" правяла для дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, а таксама для малых з хатняга дзіцячага клуба на Міншчыне.

Уверсе: Сара Лундберг; другі сакратар Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Магнус Сэтэрберг; унізе: ілюстраваныя чытанні казкі пра Віту

Вечар у галерэі "Ў" пачаўся са знаёмства з Сарай Лундберг і героямі яе кніг. Перакладчыцай выступіла Надзея Кандрусевіч. У зале прысутнічалі другі сакратар Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Магнус Сэтэрберг, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.

Выступаюць Сара Лундберг і Надзея Кандрусевіч

Спадарыня Сара разам з перакладчыцай Надзеяй правялі ілюстраваныя чытанні фрагменту казкі пра Віту Белую Крэску і Эйвінда: пра прыгоды Віты і яе сябра можна было пачуць у аўтарскім выкананні ў суправаджэнні адпаведных мастацкіх работ з кнігі, якія паказваліся на вялікім экране і каментаваліся самой пісьменніцай.

Пасля ўсе ахвотныя гледачы далучыліся да майстар-класу па стварэнні каляднага анёла. У кожнага атрымаўся свой, непаўторны вобраз. Дзеці мелі магчымасць пагутарыць з Сарай Лундберг, паказаць ёй сваю работу, сфатаграфавацца з аўтаркай, узяць у яе аўтограф.

Дзеці ды іх бацькі, выступоўцы і арганізатары -- усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ад вечарыны вялікае задавальненне.

Аўтограф ад Сары Лундберг 

Мерапрыемствы былі зладжаныя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" пры ўдзеле Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Арганізатары выказваюць шчырую падзяку за дапамогу грамадскай арганізацыі "БелАПДИиМИ", ГА «Беларускі дзіцячы хоспіс», а таксама хатняму дзіцячаму клубу "Источник" і клубу бацькоўскай ініцыятывы «Содея».

Тэкст і фота: Віка Трэнас, lit-bel.org