Сучасныя літаратары чытаюць творы расстраляных пісьменнікаў (відэа)

Нагадаем, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў будынку НКВД у Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў нацыянальнай эліты краіны. Сярод забітых былі пісьменнікі, паэты, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы.

Дакладнай колькасці рэпрэсаваных мы не ведаем дагэтуль — архівы КДБ застаюцца закрытымі. Сярод расстраляных у тую ноч былі паэты Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Юлій Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Васіль Сташэўскі, літаратурныя крытыкі Якаў Бранштэйн, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналісты Віктар Вайноў, Павел Шастакоў і многія іншыя. Месцы пахаванняў да гэтага часу не вядомыя.

Загад аб расстрэле “ворагаў народа” быў падпісаны Сталіным і Молатавым і ўключаў спіс са 103 імёнаў. У Мінску яго дапоўнілі яшчэ некалькімі дзясяткамі чалавек.

Адзначым, што днямі ў новай серыі “Мая беларуская кніга” выйшаў раман Майсея Кульбака “Зельманцы” у перакладзе з ідыш Віталя Вольскага.

euroradio.fm