Суд па справе выдавецтва "Логвінаў" адбудзецца 18 лістапада

23 верасня прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала ад Міністэрства інфармацыі афіцыйнае паведамленне пра пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць. Ліцэнзію адклікалі “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ішла пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які ў красавіку 2013 года суд Ашмянскага раёна сваім вельмі сумнеўным рашэннем прызнаў экстрэмісцкім.

"Логвінаў" выступала выдаўцом альбома, накіроўвала абавязковыя сігнальныя асобнікі “Прэс-фота Беларусі 2011” у Нацыянальную кніжную палату і Міністэрства інфармацыі Беларусі, якія тады ніякіх нараканняў да выдання не прад’явілі. Цяпер жа, праз 2 гады пасля выхаду альбома, Ігара Логвінава нават без папярэджання проста пазбавілі ліцэнзіі.

Разам з тым на працягу апошніх дзесяці гадоў выдавецтва “Логвінаў” выпусціла ў свет большую колькасць кніг, перакладзеных на беларускую мову з іншых моў, чым профільнае рэспубліканскае прадпрыемства “Мастацкая літаратура”. Шмат якія беларускія літаратары фактычна не маючы магчымасці друкаваць свае арыгінальныя або перакладныя творы ў выдавецкіх установах Міністэрства інфармацыі аддавалі і аддаюць свае рукапісы менавіта ў выдавецтва “Логвінаў”.

Таму ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікае ўсіх літаратараў, перакладчыкаў, незалежных журналістаў і фатографаў у панядзелак а 12 гадзіне прыйсці ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі, каб падтрымаць выдавецтва “Логвінаў”, якое мае апошні шанец на аднаўленне ліцэнзіі.

Хочаш мець магчымасць чытаць – прыходзь у суд!
18 лістапада, 12:00, Мінск, вул. Валадарскага, 8.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"