Суд забараніў літаратуразнаўчую кнігу Алеся Бяляцкага

11 лютага ў судзе Ашмянскага раёна суддзя Таццяна Емельяновіч агучыла рашэнне па выніках грамадзянскай справы праваабаронцы Таццяны Равякі супраць Ашмянскай мытні. Нагадаем, што мытнікі забаранілі ўвозіць у Беларусь кнігу літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага. У зборніку знайшлі шкоду дзяржаўным інтарэсам Беларусі — такую выснову зрабілі эксперты, якія вывучалі кнігу.

Равяка: "Гучыць парадаксальна. Экспертызы, праведзеныя па кнігах, абедзве прызнаныя непрымальнымі, паколькі яны і прызначаныя, і праведзеныя былі з парушэннем закона. Але кніжка падлягае забароне і вывазу з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — на падставе ўнутранага пераканання суддзі". Пакуль што некалькі дзясяткаў кніг застаюцца на Ашмянскай мытні. Таццяна Равяка збіраецца падаваць касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд. Тым не менш, рашэннем Ашмянскага суда яна часткова задаволеная. Праваабаронца спадзяецца, што цяпер Ашмянская мытня спыніць незаконныя экспертызы, якія прызначаліся на выданне "Беларусь Прэс-Фота" і кнігу Валерыя Карбалевіча "Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт".

Фота — svaboda.org

euroradio.fm