Сустракаем вясну з «Будзьма беларусамі!» (творчыя сустрэчы за мінулы тыдзень)

У перадапошні дзень зімы бар “Beer and Wine” быў сагрэты цёплай сустрэчай з Усеваладам Сцебуракам, Канстанцінам Касяком і Мікалаем Плавінскім. Імпрэза адбылася з нагоды выхаду кнігі “Самурай” Алеся Кіркевіча.

Першы дзень вясны ў бібліятэцы № 7 горада Мінска разам з трэцякласнікамі суседняй школы сустракалі тэатр “Лямцавая батлейка” і перакладчыкі Андрэй Хадановіч і Надзея Кандрусевіч. Тут адбылася прэзентацыя кнігі шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю”. Напачатку выступілі перакладчыкі: спадары Надзея і Андрэй. Яны распавялі пра кнігу, працу над ёй, зачыталі ўрыўкі.

Пасля акторкі тэатра “Лямцавая Батлейка” Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова зладзілі тэатралізаванае чытанне першай часткі “Суперкнігі”. Уважліва слухалі ўсе: спачувалі героям, смяяліся і сумавалі, дапамагалі акторам. Пасля чытання ўсе задумаліся над складанасцямі нашага жыцця і вырашылі падтрымаць адзін аднаго шчырымі абдымкамі. Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў медаль-налепку на памяць.

Уладзімір Арлоў

2 сакавіка ў тайм-клуб “1387” горада Бабруйск прыехалі славутыя госці: пісьменнік Уладзімір Арлоў і перакладчык Ігар Крэбс. Імпрэза прысвячалася 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Спадар Уладзімір прачытаў невялікую лекцыю на гэту тэму, правёў віктарыну. Пераможцы якой атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларсамі!”. Віктарыну на прызы ад “Будзьма!” зладзіў і спадар Ігар.

Таксама на сустрэчы прэзентаваліся “Прыгоды барона Мюнгхаўзэна”, вершы Генрыха Гайнэ ў перакладзе Ігара Крэбса. І новыя кнігі Уладзіміра Арлова “Танцы над горадам” і “Пяцікніжжа”.

Яшчэ адна сустрэча з “Суперкнігаю пра Біла з Болаю” адбылася ў п. Калодзішчы 3 сакавіка. Там удзельнікі дзіцячага клуба “Жылі-былі” прабіраліся скрозь завіруху, каб сустрэцца з перакладчыкамі Надзеяй Кандрусеіч і Андрэем Хадановічам і акторкамі тэатра “Лямцавая батлейка”.

Тых, хто не пабаяўся завірухі, шаноўныя госці абвясцілі сапраўднымі супергероямі! Спадарыня Надзея распавядала пра кнігу, спадар Андрэй разам з дзеткамі спяваў пад гітару. А Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова радавалі гледачоў-слухачоў сваім акторскім майстэрствам.

Акрамя сустрэчы з цікавмі гасцямі, у клубе “Жылі-былі” адзначалі дзень народзінаў аднаго з удзельнікаў – 6 год споўнілася хлопчыку Мішы. І тэатралізаваныя чытанні вырашылі прысвяціць яму. Падчас чытання зала напоўнілася ўважлівай цішынёй… Тэма, узнятая ў “Суперкнізе”, узрушыла ўдзельнікаў імпрэзы, прымусіла пра многае задумацца.

Скончылася сустрэча шчырымі абдымкамі і падарункамі на памяць!

У гэты ж дзень гімназія № 1 горада Слоніма сустракала паэтаў Дар’ю Бялькевіч і Міхала Бараноўскага.

Чытанні былі прысвечаны 100-годдзю БНР. Спадар Міхал распавёў пра месца, якое мусіў заняць Максім Багдановіч у сістэме асветы Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў гонар святкавання стагоддзя БНР прачытаў твор класіка – верш “Пагоня”. Даша Бялькевіч чытала вершы, у якіх трагічныя гісторыі перамяжоўваліся з гастранамічнымі прызнаннямі ў любові да шпротаў, а слізкія прыступкі былі нагодай лішні раз глянуць на шэрае мінскае неба. Асабліва пранікнёна гучалі вершы, у якіх паэтка не пабаялася прыбраць свае калючкі, і паказацца на людзях маленькай дзяўчынкай у цёплай піжаме.

Уласна чытанні ўвесь час чаргаваліся з дыдактычнымі адступленнямі і спевамі. Дзесьці з сярэдзіны выступу, публіка звыкла да ірванага рытма прамоўцаў і рухалася следам: ад імпульсіўных вершаў з кнігі “Volumen.1” (М. Бараноўскі) і песень, прысвечаных вайне, да акапэльных спеваў пра адзіноту і каханне.

Гімназісты аддзячылі гасцей салодкімі пачастункамі ды экскурсіяй па невялікаму музею канфесій.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!