Сустрэча ў Смаленску

Стаяць  -  Галіна Нікалаенкава, Вера Суханава, Людміла Валодзька, Вольга Сяргеева, Мікола Яцкоў, Алег Дарагань. 

Сядзяць  -  Мікалай Чапурных, Віктар Смірноў, Алесь Казека. 

У сустрэчы ўзялі ўдзел сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Алег Дарагань, старшыня праўлення Смаленскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Віктар Смірноў, сакратар праўлення Смаленскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Галіна Нікалаенкава, смаленскія пісьменнікі Мікалай Чапурных, Вольга Сяргеева, Вера Суханава, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Мікола Яцкоў, старшыня Магілёўскага ГА “Рускае культурна-асветніцкае таварыства” Людміла Валодзька, член Магілёўскага обласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алесь Казека.

Былі абмеркаваны пытанні сумеснай падрыхтоўкі “Сіманаўскіх чытанняў”, якія традыцыйна адбудуцца ў Магілёве ў лістападзе. 

Госці былі праінфармаваны аб  адносінах паміж двума смаленскімі творчымі арганізацыямі - Саюзам пісьменнікаў Расіі і Саюзам расійскіх пісьменнікаў. Было адзначана, что стасункі паміж імі знаходзяцца ў рэчышчы добрасуседства, узаемнага паразумення і вызначаюцца супольнай працай. Да таго ж расійская дзяржава выдаткоўвае значныя фінансавыя сродкі на ўтрыманне офісаў гэтых творчых саюзаў і на выданне іх друкаванай прадукцыі. У сваю чаргу, смаленскія пісьменнікі даведаліся аб тым, якія працэсы адбываюцца ў Беларусі ў дачыненнях дзяржавы да двух існуючых пісьменніцкіх саюзаў і аб тым, як гэтыя грамадскія аб’яднанні будуюць адносіны паміж сабой.

У ходзе сустрэчы былі разгледжаны накірункі сумеснай творчай дзейнасці пісьменніцкіх арганізацый Магілёўшчыны і Смаленшчыны, ўмацавання сяброўскіх адносінаў паміж імі. 

Алег Дарагань паведаміў, што ў чарговым выпуску смаленскага літаратурнага альманаха “Пад гадзіннікам” надрукаваны  рускамоўныя творы магілёўскіх паэтаў і пераклады іх вершаў з беларускай мовы, зробленыя смаленскімі перакладчыкамі. Госці з магілёўшчыны атрымалі ў падарунак выданні мясцовых аўтараў.  У сваю чаргу, Мікола Яцкоў прэзентаваў смалянам літаратурны альманах  Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў “Брама”, а Алесь Казека падарыў свае нядаўна выдадзеныя кнігі.

Мікола Яцкоў уручае альманах “Брама” Віктару Смірнову. 

 

Фотаздымкі Марыны Чапурных.

Ул.інф. Магілёўскага аддзялення СБП