Сустрэча ў "Святліцы"

21 лістапада 2012 года ў магілёўскім літаратурным клубе "Святліца" пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Агат” прайшла творчая сустрэча. Пісьменніца, сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Тамара Аўсяннікава, якая кіруе літаратурным аб’яднаннем, ва ўступным слове зазначыла, што ў нас шмат таленавітай моладзі, здольнай да паэтычнага асэнсавання сусвету, што вакол нас.

І далейшыя выступы Кацярыны Волкавай, Марыі Федзюковай, Мікіты Карнеева, Вікторыі Ільюшкінай, Аляксандры Пчалінцавай, Таццяны Міхайлавай, Алены Воінавай, Святланы Тарасавай, Юліі Іваніцкай праілюстравалі гэтыя словы.

У сустрэчы ўзяў удзел старшыня магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў, які адзначыў неабходнасць працы з маладымі аўтарамі і звярнуў увагу на тое, што ў творчасці ўдзельнікаў “Святліцы” большае месца мусіць займаць беларускае слова, бо хто, як не моладзь, зможа несці яго ў будучыню.

Напрыканцы Тамара Аўсяннікава і Мікола Яцкоў пачыталі свае вершы.

 

Ул. інф. магілёўскага аддзялення СБП