Сустрэча майстроўцаў

5 ліпеня адбылася сустрэча майстроўцаў і іх сяброў у кнігарні «логвінаЎ».

У чацьвер у Мінску было вельмі горача, і аўтар кнігі і вядучы прэзэнтацыі Сяргей Дубавец хваляваўся, што прыйдзе мала людзей. Але прыйшло так шмат народу, што дзве траціны стаялі на двары і слухалі прэзэнтацыю праз расчыненыя вокны. Адкрыў імпрэзу Алесь Аркуш. Ён паабяцаў шмат неспадзяванак і ўручыў Сяргею Дубаўцу «Глінянага Вялеса» за кнігу, якая выйшла яшчэ ў 2006 годзе — «Вострую Браму», бо раней не было магчымасці.

А Дубавец пажартаваў, што найлепшай формай імпрэзы было б маўчаньне. Але дзеля таго, што там былі не толькі майстроўцы, ён вымушаны быў казаць змястоўныя рэчы. І нечакана для ўсіх даў слова найстарэйшаму майстроўцу Пётру Садоўскаму. Пётра Садоўскі адзначыў, што ён быў ужо тады на пятым дзясятку і шмат чаго ведаў, але менавіта гэтыя маладыя людзі прывялі старэйшае пакаленьне ў Беларушчыну. Пачалі ўзгадваць майстроўцы, як Садоўскі ствараў атмасферу весялосці і заўсёды спяваў «Куру-шчабятуру».

Цікавую гісторыю расказаў Вінцук Вячорка. Яго прадставілі як лідара, але ён аспрэчыў, што лідара ніхто не выбіраў і таму ў Майстроўні быў такі асаблівы дух. Гісторыя была пра Сяргея Харэўскага, які прыйшоў у Майстроўню 15-гадовым школьнікам і пачаў там гаварыць такое, пра што старэйшыя гаварылі толькі ў глухім лесе. Гарачыня была такая, што імпрэза не зацягнулася надоўга.

Скончылася ўсё на ганку — усе разам праспявалі ўсе тыя песні, якія спявалі ў 80-я.

Сёння ў Арт-Сядзібе (вул. Куйбышава, 22) адбудзецца дыскусія майстроўцаў з моладдзю. Пачатак, а 17.00. Уваход вольны. Вядоўца — аўтар кнігі Сяргей Дубавец.

 

Паводле svaboda.org