Сустрэча на Замкавай

Аляксандр Бардоўскі

Нарадзіўся Аляксандр Бардоўскі на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка ў Джамбульскім тэхналагічным інстытуце. Працаваў галоўным інжынерам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», кандыдат тэхнічных навук, заслужаны рацыяналізатар Рэспублікі Беларусь, ганаровы нафтавік канцэрна «Белнафтахім», узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, срэбраным медалём ВДНГ.

Алесь Бардоўскі пазнаёміў гледачоў са сваімі вершамі, малюнкамі. Пэндзаль ён трымае даўно, амаль з дзяцінства. З асаблівай любоўю ён напісаў партрэты свайго бацькі Міхася, дзядулі Ягора і бабулі Аляксандры, якая нарадзіла дванаццаць дзяцей, – не ўсе яны выжылі ў тыя гаротныя часы. Намаляваў сваіх унукаў, жонку.

Уверсе: выступае Алёна Парфіяновіч, пасярэдзіне: Ніна Шклярава, унізе справа: Таццяна Уласава 

Алесь расказаў цікавыя эпізоды з жыцця свайго бацькі, які быў рознабакова таленавіты – паэт і мастак, вынаходнік і цясляр, выдатны апавядальнік і выдумшчык. Не ўсім даспадобы была яго прамалінейнасць і непрымірымасць да адмоўных фактаў жыцця аднавяскоўцаў. А пра дзеда Ягора ўспаміны засталіся на ўсё жыццё, як і пра бабулю. Дзед Ягор сам, сваімі рукамі, прывозячы ці цягаючы бярвенні з лесу, паставіў хату “на ногі”. Выдатныя выштукоўваў бочачкі і дзежачкі, не дажыў да стагоддзя некалькі гадоў…  

Жыццё – як сцяжынка вузкая,

Дзе не кладуць абрус…

Маці мая была руская,

Бацька быў беларус.

Хапіла нястачы ім і маны

На гэтай сцяжынцы жыцця.

Дзякуй Богу – былі яны,

Ім дзякуй, што ёсць я.

На прэзентацыі выступілі старшыня Гомельскай абласной філіі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Анатоль Бароўскі, паэтэсы Ніна Шклярава і Алёна Парфіяновіч, драматург і празаік Васіль Ткачоў.

Шмат цёплых слоў Алесь Бардоўскі сказаў пра свайго славутага земляка – паэта Алеся Пісьмянкова. Гэта стараннямі Бардоўскага на хаце Пісьмянкова з’явілася памятная шыльда.

І другому паэту – Анатолю Сысу – ён прысвяціў нізку вершаў. Кожны год восенню прыязджаюць у Гарошкаў творцы з усёй Беларусі, каб прыняць удзел у свяце паэзіі, прысвечанаму Анатолю Сысу.

Дагараюць свечкамі бярозы.

Восень прахалодаю імжыць…

Малады, выбітны і цвярозы

Сыс пад тымі свечкамі ляжыць.

І душа тут засталася, можа…

Цела – глеба, косці – карані.

Ты даруй яму благое, Божа,

На тым свеце Сыса барані…

“На Замкавай” часта праходзяць прэзентацыі не толькі вядомых празаікаў і паэтаў, а і пачынаючых, якія толькі-толькі выдалі свае першыя зборнічкі. Тут яны заўсёды атрымаюць параду старэйшых таварышаў, якія падкажуць, як лепш сфармаваць той альбо іншы радок, паэтычна і ўзнёсла выказаць свае думкі.

Дырэктар гарадской бібліятэкі імя Герцэна Таццяна Уласава заўсёды ахвотна ідзе насустрач маладым творцам, стварае ім усе ўмовы для творчага росту і сувязі з чытачамі.

Ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП