Сустрэча са сваякамі Максіма Багдановіча

3 верасня на офісе ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» адбылася сустрэча са сваякамі Максіма Багдановіча: Наталляй Уладзіміраўнай Сарокай (Гразновай-Валасовіч) і Мікалаем Георгіевічам Хільтавым.
Мікалай Хільтаў і Наталля Сарока.
Наталля Уладзіміраўна, праўнучка стрыечнай сястры Максіма Багдановіча Ганны Кіпрыянаўны, жыве ў Краснадары. Не гледзячы на тое, што яе прафесія не звязана з літаратурай, яна сур'ёзна цікавіцца радаводам сям'і і зрабіла шмат у даследванні генеалагічнага дрэва сваякоў Багдановіча.
Ганна Кіпрыянаўна Валасовіч-Гразнова падтрымлівала добрыя адносіны з Адамам Ягоравічам Багдановічам, які прышчапляў ёй смак да беларускай літаратуры. З вершамі Максіма пазнаёмілася, калі выйшаў зборнік «Вянок». Кнігу ёй падпісаў бацька Максіма, потым гэты асобнік першага выдання «Вянка» яна падарыла Янку Брылю, з якім перапісвалася.
Праўнучка Ганны Кіпрыянаўны штогод прыязджае ў Беларусь, прысутнічала і на адкрыцці музея Максіма Багдановіча разам з іншымі, старэйшымі сваякамі.
Адкрыццё музея М. Багдановіча (1991 г.). Злева направа: Ірына Платонаўна Крэнь, Гразнова Таццяна Пятроўна (дачка стрыечнай сястры М. Багдановіча), Сарока Наталля Уладзіміраўна (унучка стрыечнай сястры), Валянціна Францаўна Бяляўская, Эдуард Агуновіч (аўтар канцэпцыі музея і яго афармлення).