Сустрэча з пісьменнікам Паўлам Ляхновічам у Берасці – 6 снежня

6 снежня ў Берасцейскай грэка-каталіцкай царкве па вул. Дворнікава, 63 пасля вячэрняй літургіі адбудзецца сяброўская сустрэча з аўтарам кнігі “Зялёны дуб” Паўлам Ляхновічам. У зборніку Паўла Ляхновіча "Зялёны дуб" сабраныя розныя па жанры творы, у аснову якіх пакладзены багаты жыццёвы досвед аўтара.

Чытач знойдзе і аповесць, і апавяданні, і ваенна-марскія мініяцюры-навелы. Сур’ёзныя драматычныя тэксты тут суседнічаюць з прыгодамі і гумарам. Менавіта яскравы гумар таленавітага расказчыка стаў той “разынкай”, з-за якой чытачы і слухачы аповедаў “дзядзькі Паўла” назаўжды сталіся закаханымі ў творчасць гэтага суровага і адначасова лірычнага паляўнічага на музаў.

Павел Аркадзевіч Ляхновіч нарадзіўся ў 1954 годзе ў Мінскім раёне. Дзяцінства яго прайшло ў ваколіцах старажытнага мястэчка Ракаў, там жа юнак скончыў сярэднюю школу. Праз пэўны час апынуўся ў Баку, дзе паступіў у вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Служыць давялося на Паўночным флоце, у тым ліку на ракетных падводных крэйсерах. Вайсковую службу скончыў у Пінску, дзе выкладаў у вучэбным атрадзе ВМФ. Звольнены ў запас якраз у год распаду СССР, Павел Ляхновіч засвоіў не адну прафесію – працаваў журналістам, трэнерам па кікбоксінгу, целаахоўнікам, на будоўлях Сібіры і Польшчы і г. д.

Апавяданні і нарысы друкаваў у часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, “Тэрмапілы”, “Абажур”, газеце “Літаратурная Беларусь”, альманаху “Жырандоля” і інш. На рахунку сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў – кнігі прозы “Пачатак сезона”, “Золата князёўны”, перакладзены з польскай мовы раман Вальтэра Цішэка “З Богам у Расеі”. Цяпер жа пабачыла свет новае выданне, у якім спадар Павел прадстаўляе аўтарскія творы. 

budzma.org, pinsk.tv