Сустрэчы ў Ветцы: Чарнобыль у літаратуры

Вучні СШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі Ангеліна Воінава, Аляксандр Любімаў, Юля Архіпенка, Аліна Гаўрыленка, Ангеліна Церахава дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, асноўны змест якіх — роздум аб Чарнобыльскай трагедыі. Гучалі вершы Віктара Стрыжака, лёс якога быў звязаны з Веткай.

Дачка паэта, Дыяна Віктараўна, прадставіла для гэтай сустрэчы фотаздымкі бацькі, зробленыя ў 1970-90-ыя гады.

Многія жыхары Веткі ведаюць радкі Віктара Стрыжака:

Гэй, браты мае ў бядзе,

Гэй, чарнобыль-сёстры,

На якой стаіць вадзе

Той зялёны востраў,

Дзе змаглі б мы чыста жыць

З іншымі у згодзе?

Пазіраю на крыжы:

Смерць за намі ходзіць...

Плача Ветка без віны

Маткай вінаватай...

А ў маны свае званы:

Мірны атам...

Без яго жылі б мірней.

І за ўсіх не горш бы.

Каб не атама — свіней

Быў яго пагоншчык...

Гэта — радкі з верша “Дзе?” з кнігі “Рэха журбы” (Мн., Маст.літ., 1994). Памёр Віктар Стрыжак 11 красавіка 1995 г. Яго адзіная кніга была высока ацэнена рэдактарам, Рыгорам Барадуліным.

Удзельнікі сустрэчы вялі размову аб жыцці, падзелам якога стала Чарнобыльская трагедыя.

Вучням былі прадстаўлены выданні: кніга “Галасы сышоўшых вёсак”, падрыхтаваная да выдання Веткаўскім музеем, кніга-альбом “Чарнобыль. 458 зніклых вёсак”, выдадзеная ў 1999 годзе ў Японіі (аўтар — Руіці Хіракава) і інш. У альбоме — шматлікія фотаздымкі выселеных вёсак, у тым ліку — вёскі Барталамееўкі, якая знаходзіцца ў 17 км ад Веткі.

На сустрэчы прэзентавалася выстаўка “Лясныя сем’і” — пяць драўляных скульптур, выразаных у 1970-ых гадах жыхаром Барталамееўкі Уладзімірам Пупшавым, таксама — тканыя ручнікі з гэтай вёскі, адзін ручнік — з адселенай вёскі Амяльное Веткаўскага раёна. Гэтыя рэчы знаходзяцца ў фондах Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Даволі часта яны экспануюцца на музейна-педагагічных занятках, выстаўках у дзіцячых садах Веткі. У бібліятэцы Веткаўскага музея захоўваюцца кнігі, падараваныя Васілём Якавенкам. У іх ліку — “Чарнобыльская малітва” (Хроніка прышласці), выдадзеная ў 1999 годзе пры падтрымцы Пастаяннага прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь (пераклаў Мікола Гіль).

Ларыса Раманава распавяла вучням пра абставіны, якія былі да выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Так, за перыяд з 1977 года па 1981 год на Чарнобыльскай станцыі адбылося 29 аварыйных астановак. Як было прызнана, толькі 8 з іх здарыліся па віне абслугоўваючага персанала, астатнія — па тэхнічных прычынах... Таксама вялася размова аб подзвігу пажарніка Васіля Ігнаценкі, які тушыў агонь на атамным рэактары, і подзвігу яго жонкі, Людмілы Ігнаценка, якая рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб выратаваць яго жыццё. Васіль Ігнаценка — Герой Украіны, яго імем названы вуліцы ў Брагіне, Мінску, Бярэзіне. “Самотны чалавечы голас” — маналог Людмілы Ігнаценка (адна з частак кнігі “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч) нікога не можа пакінуць раўнадушным.

Чарнобыльскі боль жыве ў душах людзей, якія вось ужо трыццаць гадоў жывуць на забруджанай тэрыторыі. Даволі часта  ён нагадвае пра сябе невылечнымі хваробамі, ад якіх пакутуюць дзеці і дарослыя.

Сучасныя веткаўцы — загартаваны народ...

Гомельскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"