Сустрэчы на Магілёўшчыне

15 лютага ў студэнцкім інтэрнаце №12 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адбылася літаратурная вечарына "Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі", прысвечаная дню нараджэння Максіма Гарэцкага. У мерапрыемстве ўзяла ўдзел пісьменніца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзія Андрэева.

17 лютага адбылася сустрэча старшакласнікаў магілёўскай сярэдняй школы № 4 з паэтам, перакладчыкам, настаўнікам матэматыкі Міхасём Булавацкім.

У той жа дзень у магілёўскім гарадскім літаратурным клубе «Святліца» (кіраўнік Тамара Аўсяннікава) Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Агат» адбылася сустрэча з магілёўскай паэтэсай Аляксандрай Верас. Госця чытала вершы, дзялілася сваімі думкамі пра паэзію, адказвала на пытанні. Аляксандра Верас -- гэта псеўданім Таццяны Архіпавай. Выдала кнігі вершаў «Я расла палявой кветкай», «Люстэркі душы» (у суаўтарстве з Юліяй Іваніцкай), «Двайны тон цішыні» і «Як кропля расы» (у суаўтарстве з Халінай Венцэк). У 2011 годзе стала лаўрэатам IV Рэспубліканскага конкурсу «Мы народжаны для натхнення» ў намінацыі «Проза» і V Міжнароднага конкурсу маладых рускамоўных паэтаў замежжа «Вецер падарожжаў» (г. Рым, Італія).

Таксама 17 лютага старшыня Магілёўскай абласной філіі СБП Мікола Яцкоў завітаў у госці да вучняў сярэдняй школы № 34. Дзеці ўважліва слухалі пра гісторыю стварэння Гімна Магілёва, аўтарам музыкі якога з'яўляецца спадар Яцкоў, пра тое, як нараджаюцца вершы і песні, якое месца ў жыцці кожнага беларуса павінна займаць родная мова. Спадар Мікола таксама зрабіў экскурс у гісторыю, прыгадаўшы станоўчае значэнне Магдэбургскага права для Магілёва і магілёўцаў. Кніжная палічка кабінета беларускай мовы і літаратуры папоўнілася выданнямі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

21 лютага, з нагоды міжнароднага Дня роднай мовы, у Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай Акадэміі на факультэце бухгалтарскага ўліку адбылася сустрэча з пісьменніцай, сябрам СБП Лідзіяй Андрэевай.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"