Сустрэчы з «Будзьма беларусамі!» (ФОТА)

Распачаў гэтыя сустрэчы ў нядзелю (16 красавіка) Алесь Камоцкі, які выступіў на чарговым паседжанні гарадскога клуба ветэранаў працы “Таленты і прыхільнікі”. Спадар Алесь выканаў шэраг уласных песень для прыхільнікаў бардаўскага талента, пачытаў вершы. Каля паўсотні ветэранаў з задавальненнем прынялі ўдзел у сустрэчы з паэтам-сучаснікам, якая была па-сяброўску цёплай і цудоўнай!

Наступная сустрэча адбылася 18 красавіка ў дзіцячай бібліятэцы № 1. Туды завітаў малады паэт, музыка, мастак Андрусь Такінданг. Васьмікласнікі гімназіі № 42 апынуліся ў цудоўным свеце беларускай культуры. Таленавіты, харызматычны Андрусь проста зачараваў аўдыторыю: песні, вершыкі, гісторыя, пытанні, кнігі… Гэтая сустрэча закранула сэрцы юных слухачоў. Яны даведаліся пра важнасць стогадовай падзеі – стварэння БНР – для сучаснасці, усвядомелі, што беларуская, родная, мова – не толькі мова сумных класікаў, а і мова – сучаснікаў: вясёлых і таленавітых. Больш фота глядзі тут

19 красавіка бібліятэка імя В. Віткі сустракала незвычайных гасцей: сюды завітаў тэатр “Лямцавая батлейка” і перакладчыца Надзея Кандрусевіч. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” тут адбылася прэзентацыя кнігі Г. Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла і Болу”. Разам з лялькамі – героямі кнігі – госці і гледачы прачыталі першую частку. Было сумна, страшна і весела – як у жыцці.

Дзеці разважалі на тэму адметнасці іншых людзей, вырашалі, як ставіцца да такіх – адметных. Прагучала шмат версій, але напрыканцы сустрэчы школьнікі прыйшлі да высновы, што “ўсе мы розныя, але мы разам, каб падтрымаць адзін аднаго”. А найлепшы спосаб падтрымкі – цёплыя сяброўскія абдымкі! З вялікай асалодай пад вясёлую музыку дарылі гледачы свае абдымкі гасцям і адзін аднаму, а на памяць аб цудоўнай сустрэчы кожны атрымаў медаль-налепку. Падрабязнасці тут

20 красавіка ў Мінску праходзіла “ноч бібліятэк”. “Будзьма беларусамі!” і “Саюз беларускіх пісьменнікаў” таксама прынялі ўдзел у гэтай акцыі: у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы цэлы вечар выступаў актор, драматург, пісьменнік, педагог і проста “прыгажун” Васіль Дранько-Майсюк. У чароўнае падарожжа па старонках творчасці “караля” беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра адправілася амаль 60 чалавек: школьнікі, студэнты, бацькі, выкладчыкі, бібліятэкары… Захапляльны расказ пра жыццё і творчы шлях знакамітага пісьменніка, інтэрактыўныя гульні па матывах яго твораў, стварэнне сумеснага сцэнара для кінастужкі, вершы, прысвечаныя Янку Маўру, сакрэты яго папулярнасці і “невыказаны” сэнс “дзіцячых” кніг… Удзельнікі творчай сустрэчы не былі пасіўнымі слухачамі – разам з Васілём яны вандравалі, гулялі, чыталі, прыдумлялі, гулялі… 2 гадзіны праляцелі, бы адно імгненне – удзельнікі ніяк не хацелі адпускаць выступоўцу: пытанні, фота на памяць, запрашэнні на новыя сустрэчы. Адміністрацыя бібліятэкі выказвала шчырую падзяку Васілю і кампаніі за магчымасць такіх цудоўных сустрэч.

Яшчэ 2 сустрэчы адбыліся на Вілейшчыне: спявачка Таццяна Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі ў Іжаўскай і Лыцавіцкай сярэдніх школах. Вучні адгадвалі вершаваныя загадкі, спявалі песні разам з Таццянай, прынялі актыўны ўдзел у паэтычным конкурсе на лепшае чатырохрадкоўе пра сваю вёску. Пераможцам стаў вучань 9 класа Іжаўскай школы Максім Вяжэвіч, аўтар паэтычнага прызнання малой радзіме:

“Хай нехта едзе за мяжу

І на удачу там палюе.

А я люблю сваю Іжу

І Беларусь сваю люблю я!”,

Яшчэ дзеці даведаліся ад гасцей, што азначае кожная нота ў нотнай гаме: do – Dominus (Бог), re – rerum (матэрыя), mi – miraculum (цуд), fa – familias planetarium (сям’я плянэтаў), sol – solis (сонца), la – lacteal via (Млечны шлях), si – siderae (нябёсы). Не абмінулі выступоўцы і юбілейнасці 2018 года: 100 год са дня абвяшчэння БНР і 400 год першаму ў свеце буквару.

У арганізацыі сустрэчаў, што праходзілі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, дапамог мясцовы святар – протаіерэй Ігар Дражын.

Субота таксама была багатая на падзеі: у Маладзечна адбылася цёплая сустрэча з пісьменніцай Валянцінай Аксак, а ў в. Плябань адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная Дню памяці паўстанцаў, якія трагічна загінулі 155 год назад у баі з царскімі карнікамі.

Кіраўнік паўстання на Маладзечненшчыне і Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, ягоныя паплечнікі Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі ды 15-гадовы навучэнец Ігнацы Сулістроўскі...Гэтыя імёны не забудуцца і будуць заўсёды клікаць на малую Радзіму паўстанцкага духу, пад Маладзечна. Туды, дзе высілкамі нашых сучаснікаў, быў усталяваны і добраўпарадкаваны памятны камень на магіле паўстанцаў 1863 г. Летась гэтай магіле паўстанцаў быў нададзены статус аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, што гарантуе спакой героям і добраўпарадкаванне навакольных могілак, дзе знайшлі свой спачын мясцовыя жыхары.

Тут, ля памятнага камяня, сустрэліся валанцёры, што ўвесь гэты час клапаціліся аб пахаванні паўстанцаў і стане могілак: навукоўцы, школьнікі, работнікі музеяў і бібліятэк, мясцовыя жыхары і госці з наваколля.

Прысутныя ўсклалі кветкі і знічы на магілу паўстанцам 1863 года, сустрэлі ганаровую паўстанніцкую варту і ўсе разам крочылі ў плябанскі Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту.

Пад цёплым веснавым сонцам у двары Цэнтра адбылася рэканструкцыя паўстанніцкіх баёў, дзе кожны з прысутных меў мажлівасць азнаёміцца са зброяй тых часоў, паўдзельнічаць у старадаўніх гульнях. Музычную частку забяспечыў Алесь Чумакоў, якія выканаў тузін добрых ваярскіх песень. Гасцей чакаў паўстанніцкі стол і гарбата на мясцовых зёлках.

Завяршыла дзень гісторыка-літаратурная гульня “Канфедэратка-2018” пад кіраўніцтвам вядучага – стваральніка беларускамоўных паб-квізаў Алеся Мазаніка. Госці з радасцю і лёгкасцю адказвалі на пытанні, датычныя гісторыі і культуры Беларусі, у тым ліку аб паўстанні 1863 года і акалічнасцях стварэння БНР. Лепшая каманда атрымала галоўны прыз – паўстанніцкія шапкі, астатнія – памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

Самому плябанскаму Цэнтру ад арганізатараў быў падораны экспанат для музейнага фонду – паўстанніцкая шапка, якую змогуць прымерыць наведвальнікі Цэнтра.

Усе прысутныя выказалі намер паўтарыць свята ў наступным годзе і зрабіць яго шчэ больш насычаным.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!