«Сустрэчы з Гедройцам» адбудуцца ў Гомелі, Магілёве, Гародні і Беластоку
Да чытачоў прыедуць Альгерд Бахарэвіч і Адам Глобус, а вядоўцам імпрэзы будзе Андрэй Хадановіч. У 2012 і 2013 гадах Альгерда Бахарэвіча ганаравалі ІІ прэміяй Ежы Гедройца за “Малую медычную энцыклапедыю…” і “Гамбурскі рахунак…”, а ў 2013-м кніга Адама Глобуса “Сказы” была адзначана ІІІ прэміяй.
Беларускі ПЭН-Цэнтр сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшча плануе цягам некалькіх тыдняў зладзіць “Сустрэчы з Гедройцам” у Гомелі, Магілёве, Гародні і Беластоку. Арганізатары прэміі Ежы Гедройца лічаць важным прадставіць прызёраў і пераможцаў прэміі не толькі ў Мінску, але ў рэгіёнах, а таксама за межамі краіны.
На афіцыйным сайце Прэміі імя Ежы Гедройца http://gedroyc.by/ з’явілася інфармацыя пра ўсе намінаваныя кнігі.
Цяпер тут можна прачытаць анатацыі да кніг, знайсці звесткі пра творчую біяграфію аўтараў, а таксама пазнаёміцца з урыўкамі большасці кніг, што намінуюцца на прэмію.
Да 31 сакавіка журы вызначыць доўгі спіс Прэміі Гедройца з 12 найлепшых кніг. Сачыце за абнаўленнямі на сайце!
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.
Папярэднія пераможцы прэміі:2012 — Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”;
2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”;
2014 — Ігар Бабкоў “Хвілінка. Тры гісторыі”.
Ціхан Чарнякевіч, pen-centre.by