Сувязістка творчых мацерыкоў — Сяргей Панізнік да юбілею Маі Львовіч

Нарадзілася Мая Давыдаўна 23 красавіка, а якога года -- яна пазначае ў сваім вершы пад назвай: "Да 80-годдзя ўкраінскага галадамору":

1.
Нарадзілася Трыццаць Трэцяга году.
Нарадзілася, каб не памерці з голаду.
І за тое мучыць віна. Сянні варушыцца думка адна:
"Анічога не есці...:
Трэба мне пакаянне прынесці.
Мільёнам -- тым каго ўсмерціў
Трыццаць Трэці.
2.
Іду я на прошчу.
І там у паўзмроку
Прашу прабачэння за тое, 
Што нарадзілася  Трыццаць Трэцяга року.
Прынесла радасць 
Для маіх мамы і таты,
Не знаючы, што паміраюць
У вёсках немаўляты.
На прошчу іду.
Там сваю Украіну знайду.
3.
У нас тут зусім не свята.
У нас чорная дата.
Помнім: голаду было разводзе
У Трыццаць Трэцім годзе.
...Спадзяюся:
І вы з намі
На Беларусі.

Мая Львовіч

Сур’ёзны зачын атрымаўся ў юбілейным прадстаўленні нашай даўняй сяброўкі з Харкава. А гэта ж яна, украінская паэтэса, смела апавяшчаецца ў нас як і беларуская. Нарадзілася ў Адэсе, а яе бацькі паходзілі з Гомельшчыны. Пасля вайны пераехалі ў вызвалены Харкаў, дзе Мая закончыла вучобу ва ўніверсітэце і пачала працаваць у выдавецтве "Прапор". Пачынала пісаць вершы спачатку па-руску, потым па-ўкраінску. Наведаўшы радзіму бацькоў, зацікавілася беларускай літаратурай. Сустрэчы з Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Варленам Бечыкам натхнілі яе на напісанне вершаў па-беларуску. У выніку двухмоўнымі былі выдадзены зборнікі вершаў "У зязюльчыным барку" (2002) і  "Жывая" (2008).

Ніна Мацяш

Мая Львовіч пераклала на ўкраінскую мову дзве кнігі беларускай прозы,  вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Аляксея Пысіна, Ніны Мацяш і інш. Летась наша даўняя сяброўка прыслала ў Мінск сваю новую кнігу "Балагола", дзе прадстаўлены яе вершы, а таксама ўзоры габрэйскага фальклору ў яе перакладах на ўкраінскую і беларускую мовы.

Аляксей Пысін (злева) у студыі БТ

Варлен Бечык

Я з Маяй Давыдаўнай знаёмы па перапісцы з львоўскіх 1960-х гадоў. У 70-х мы сустрэліся ў Доме творчасці "Каралішчавічы". "Дружба даўжынёю ў паўстагоддзе... // Калі ўсё-усё на свеце рушыцца, --// Дружба -- не на адыходзе: // Паміж намі кружыцца", -- пісала мне Мая з Харкава 2.01.2011 года. З нашай паўвекавой перапіскі прапаную азнаёміцца з яе паэтычным наробкам, каб чытачы хоць такім чынам адчулі голас паважанай і дарагой для Беларусі юбіляркі.

Мая Львовіч

***

Зберагала ў душы я суніцу,
Прынесеную з лесу
Каралішчавіцкага ў святліцу.
Сорак год берагла,
А цяпер аддала
Вершу.
Хоць свайму, а шкада.
Бо суніцы --
Вершамі грашы-не грашы, --
Лепш растуць у душы,
А не з кніжкамі на паліцы.

***

Ці памятаеш позні свой прыезд?
Са мной быў Каралішчавіцкі лес.
Так горка страціць веру.
Не зняверымся, --
І не апусцім на той лес навес.

Былі мы там нядаўна, ці даўно?
Ці так даўно, што болей не паўторыцца?
Калі відно зялёненькае дно, --
То памяць Каралішчавіч не зморыцца.
29.05.1997

Уладзімір Караткевіч

Адам Мальдзіс пісаў аб цікавым лёсе яе бацькоў, народжаных на гомельскай зямлі, аб генетычным клічы ў творчасці Маі Давыдаўны. Ды і яна цікавілася паходжаннем назова літвакі ў Вялікім Княстве Літоўскім. А хто яе падтрымліваў на працягу апошніх сарака гадоў, згадваецца ў наступным вершы з майго жывога архіва:

***             

Беларускія пісьмы
Няма ўжо каму пісаць мне,
Няма ўжо каму прысылаць.
Няма ні Алёшы Пысіна,
Няма ні Варлена Бечыка,
Ні Уладзіміра Караткевіча...
Незваротна пайшла сябрына.
Адышла і Мацяш Ніна.
...Але нехта кліча мяне, заве
Беларускія пісьмы пісаці.
"Маці-краіна..." Маці...
Яна і ўва мне
Жыве.

Асмелюся ў падарунак дарагой руплівіцы - сувязістцы творчых мацерыкоў Маі Львовіч "паклікаць" з нязгаснай відзежы зробленыя мною фотаздымкі яе сяброў, якіх яна называе ў вершы, напісаным 8 мая 2009 года. Мілая Мая! Ніну Мацяш ты называла Мацяшоўнай, і сябе -- у знак спараднення -- прасіла ў вершы "Беларусі" называць падобна: "Згадай жа і Ты // Ля жыццёвага чоўна: // Ёсць дачушка ў Цябе -- // Мая // Львавічоўна".

Сяргей Панізнік, для lit-bel.org

Фота Сяргея Панізніка