“Свядомаграфія” Ірыны Хадарэнка

Пабачыў свет зборнік вершаў і перакладаў Ірыны Хадарэнка пад назвай “Свядомаграфія”, выдадзены ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Папярэдняя кніжка паэткі выходзіла амаль 13 гадоў таму.
Такі працяглы творчы перапынак сама аўтарка тлумачыць у вершы “Іманентнасць маўчання” наступным чынам:
Паэтам часам трэба памаўчаць,
Бо нават птушкі не пяюць бясконца.
Не зелянее ўзімку сенажаць,
Не свеціць і не грэе ноччу сонца.
Новы зборнік складаецца з вершаў, напісаных у апошнія гады. Некаторыя з іх знаёмыя чытачам па публікацыях у часопісе “Дзеяслоў” і газеце “Літаратурная Беларусь”. Аматарам сучаснай беларускай літаратуры прыйдзецца даспадобы самабытная метафарычнасць твораў, іх патрыятычная ідэйная скіраванасць і пранікнёная любоў да роднай зямлі:
Тут прага да волі трымціць, быццам кропля вады ў павуцінні,
А памяць застыла казуркай у цёмным бурштыне.
Апроч відавочнай схільнасці да напісання вершаў класічнага кірунку, Ірына Хадарэнка не баіцца бавіцца з інтэлектуальнымі алегорыямі і эксперыментаваць са словам:
На цёмным цвінтары,
Зацыраваным цвіллю,
Мацнеюць кіпцюры
Тубыльцаў у цывільным.
У дадатак да ўласных вершаваных твораў, аўтарка прадставіла ў кнізе і шэраг цікавых перакладаў з рускай і польскай паэзіі.
Кнігу “Свядомаграфія” можна знайсці ў аддзеле мастацкай літаратуры кнігарні “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72).
Пра аўтара:
Ірына Хадарэнка – пісьменніца, перакладчыца, публіцыст і навукоўца. Нарадзілася ў 1976 годзе ў Мінску. З 1989 г. выступае ў рэспубліканскім друку. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы: “Лабірынты душы” (“Першацвет”, 1996); “Чорная ружа” (“Мастацкая літаратура”, 1998); “Танцы на шкле” (“Белы вецер”, 1999). Некаторыя яе вершы былі пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Удзельнічала ў шэрагу міжнародных літаратурных фестываляў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра.
Прэсавая служба СБП