Свята "Бабіна лета", прысвечанае Ніне Мацяш, прайшло ў Белазёрску

У Белазёрску прайшло свята, прымеркаванае да дня нараджэння паэткі Ніны Мацяш. Удзел у мерапрыемстве ўзялі і сябры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", у тым ліку старшыня СБП Барыс Пятровіч.

Ужо трэці год запар 20 верасня ў Белазёрск прыязджаюць паэты-сябры з усёй Беларусі, каб пабываць у кватэры Ніны Мацяш, доме яе бацькоў, на могілках, дзе пахавана паэтка. І па традыцыі адбываюцца ўспаміны і літаратурныя чытанні пры поўнай залі Дома культуры.

У кожнага паэта свае ўспаміны пра слынную дачку Брэстчыны, якой споўнілася б 69 гадоў. Знакамітая Данута Бічэль прызналася ў дзвюх любовях адразу:

– Я люблю Радыё Рацыя. гэта адзінае радыё, якое я слухаю цэлымі днямі і начамі. я вельмі шчаслівая, што я тут, я так даўно не бычыла Ніну, а сёння я шчаслівая, што я да яе прыехала.

Васіль Жуковіч:

– Ніна Мацяш – гэта нашая святыня. яна для мяне і любоў, і братэрства, і спагада, і чалавечнасць. Ніна будзе вечная, яе паэзія вечная, як святыня.

Барыс Пятровіч:

– Няхай жыве светлая памяць пра Ніну Мацяш, мы яе вельмі любім і шануем.

Міхась Скобла:

– Гэты фестываль прысвечаны ніне Мацяш, якая для беларускай літаратуры зрабіла адна можа быць за некалькі дзясяткаў літаратараў, за некалькі дзясяткаў перакладчыкаў.

Афіцыйныя ўлады свята традыцыйна праігнаравалі.

 

Паводле racyja.eu