Свята Кабзара адбылося на Чарнігаўшчыне

Ускладанне кветак Кабзару

«У сям’і вольнай, новай» – пад такім дэвізам сёлета праходзіць традыцыйнае свята ва Украіне па ўшаноўванні памяці генія ўкраінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі, запачаткаванае ў 1993 годзе.

Сярод шасці дзясяткаў гасцей бралі ўдзел у святкаванні грамадскія дзеячы, літаратары Аляксандр Дэка (Украіна-Ізраіль), Ак Вельсапар (Туркменістан-Швецыя), Рустэм Жангожы (Казахстан-Украіна) і многія іншыя.

Антаніна Хатэнка і кіраўнік Чарнігаўскай літаратурнай суполкі "Чарнігаў" Міхась Ткач 

Беларусь прадстаўлялі паэт-песеннік Фёдар Баравы, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СБП Анатоль Бароўскі, літаратар і перакладчык Валер Стралко, пісьменніца Антаніна Хатэнка. Госці былі паселеныя пад Чарнігавам, у Доме творчасці мастакоў у Седневе.

Міхайла Сідаржэўскі

На ўрачыстым адкрыцці, якое адбылося ў Чарнігаўскім абласным акадэмічным украінскім музычна-драматычным тэатры імя Тараса Шаўчэнкі, выступілі першы намеснік Міністра культуры Украіны Ігар Ліхавы, а таксама пісьменнік, Старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, галоўны рэдактар “Украінскай літаратурнай газеты” Міхайла Сідаржэўскі.

У межах Шаўчэнкаўскага свята былі праведзены сустрэчы з чытачамі ў Нежынскім дзяржаўным універсітэце імя Мікалая Гогаля, Качанаўцы. Беларускія літаратары Антаніна Хатэнка і Валер Стралко выступілі ў Чарнігаўскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

Анатоль Бароўскі і Рустэм Жангожы былі запрошаныя ў Чарнігаўскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку імя Уладзіміра Караленкі.

У бібліятэцы імя Караленкі

Анатоль Бароўскі, Рустэм Жангожы, Іна Аліферэнка

Спадар Анатоль прэзентаваў бібліятэцы свае кнігі, а таксама нумары літаратурнага альманаха “Палац”. Праводзіла сустрэчу дырэктарка бібліятэкі Іна Аліферэнка.

Уверсе: Нежынскі ўніверсітэт, унізе: ва ўніверсітэцкім музеі, бюст М. Гогалю, памятная шыльда Ф. Багушэвічу

Алена Канечна, Анатоль Бароўскі, Рустэм Жангожы, Уладзімер Саўчанка   

Куратарам сустрэчы ў Нежынскім дзяржаўным універсітэце імя Мікалая Гогаля стала Алена Канечна (Олена Конечна) ­– старшыня Чарнігаўскай абласной арганізацыі Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Выступілі Рустэм Жангожы, Анатоль Бароўскі і празаік, драматург з Жытоміршчыны Уладзімер Саўчанка.

Падчас наведвання ўніверсітэцкага музея было прыемна даведацца, што тут вучыўся Францішак Багушэвіч, выкладаў Яўхім Карскі. У экспазіцыі ім адведзена асобнае месца.

Рэдактар Чарнігаўскай абласной моладзевай газеты “Гарт” Дзмітро Іваноў правёў для беларускіх гасцей экскурсію па гістарычных мясцінах Чарнігава.

Паводле інфармацыі, прадастаўленай Гомельскім абласным аддзяленнем СБП