Свята беларуска-літоўскай Вясны Паэзіі прайшло ў Мінску

Выступае Дамінікас Вішняўскас

Сонечны вечаровы горад за шклянымі сценамі хола Літоўскай Амбасады, загадкавыя погляды фотапартрэтаў аўтарства фатографа і паэта Уладаса Бразюнаса (Літва), цеплыня і ўтульнасць Галерэі TUT.BY, натхнёныя твары ўдзельнікаў і гасцей, магічныя дзеянні музыкаў, і, безумоўна, вялікая колькасць вершаў на літоўскай, беларускай і рускай мовах ад прадстаўнікоў літоўскай і беларускай паэзіі – менавіта ў такой светлай атмасферы і прайшло свята Вясны Паэзіі ў Беларусі 2015 у Мінску 19 траўня.

Эвалдас Ігнатавічус

Уладас Бразюнас

Айдас Марчэнас

Свята Паэзіі складалася з дзвюх частак. Першая, прысвечаная менавіта літоўскай паэзіі, прайшла ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі. Распачалося свята з Урачыстага адкрыцця, на якім Паўнамоцны і Надзвычайны пасол, а таксама літоўскі паэт Эвалдас Ігнатавічус прывітаў гасцей на трох мовах – беларускай, літоўскай і рускай, і выказаў надзею, што Вялікае Княства Паэзіі будзе працягваць квітнець і надалей, працягваючы аб’ядноўваць аматараў паэзіі з Літвы і Беларусі.

Уладас Бразюнас і Уладзімер Арлоў

Трэба адзначыць, што з літоўскага боку ўдзел у свяце ўзялі ажно тры лаўрэата нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва Літвы – паэты Уладас Бразюнас і Айдас Марчэнас, а таксама зорка літоўскага і савецкага кіно, акцёр Юозас Будрайціс.

Менавіта тут, у Амбасадзе, адбылося адкрыццё фотавыставы спадара Уладаса “(С)патканні”. Тут жа прагучалі яго вершы і вершы Айдаса Марчэнаса, чые пераклады на рускую мову прачытаў Юозас Будрайціс.

Андрэй Хадановіч

Алесь Разанаў

Па-беларуску ж уласныя пераклады твораў літоўскіх гасцей прачытаў вядомы беларускі паэт і перакладчык, “душа” шматлікіх беларускіх і міжнародных паэтычных падзеяў і фестываляў Андрэй Хадановіч.

З беларускага боку ўдзел у сустрэчы ўзяў і Алесь Разанаў, які прачытаў некалькі сваіх, напісаных па-літоўску, твораў з часопіса “Мята”. Мадэраваў сустрэчу літоўскі пісьменнік і былы старшыня Літоўскага ПЭН-цэнтра Геркус Кунчус.

Сігутэ Трымакайтэ

Сапраўды магічную атмасферу чытанняў стваралі музыкі Дамінікас Вішняўскас (Літва) і Тодар Кашкурэвіч (Беларусь), роўна як і оперная спявачка Сігутэ Трымакайтэ (Літва), якая кожны гук і кожнае слова пераўтварала ў музыку.

Юля Цімафеева

Сабіна Брыло

Марыя Мартысевіч

Таня Скарынкіна

Другая частка свята Вясны Паэзіі праходзіла ў Галерэі TUT.BY, куратарам стаў Андрэй Хадановіч.

Склад выступоўцаў міні-фестывалю не толькі не змяніўся, але стаў яшчэ больш цікавым: у чытаннях, акрамя вышэйназваных аўтараў, узялі ўдзел беларускія паэткі Сабіна Брыло, Марыя Мартысевіч і Юля Цімафеева і літаратары Алесь Разанаў і Уладзімер Арлоў.

Айдас Марчэнас, Юозас Будрайціс, Тодар Кашкурэвіч

Акрамя таго, спадар Эвалдас Ігнатавічус прадставіў сумесны з беларускай мастачкай Ганны Балаш праект – АРТ-кнігу ўласных вершаў “СПРАВА нумар Я”, ілюстраваных малюнкамі Ганны, а таксама крыху ўласных перакладаў на літоўскую вершаў паэткі Сабіны Брыло.

Вершы спадара Пасла і паэта, у перакладзе Сюзанны Паўкштэла, прагучалі і па-беларуску.

Фота Генадзя Верэцінскага

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"