Свята паэзіі ў Гарошкаве — 20 траўня

20 траўня ў весцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна ў дванаццаты раз пройдзе свята паэзіі памяці Анатоля Сыса. А 12-й гадзіне літаратары ўшануюць магілу паэта на вясковых кладах, а пасля, на падворку Сысовай хаты, адбудуцца выступы паэтаў, бардаў, сяброў і блізкіх Анатоля Ціханавіча.

Удзел бяруць: Сяргей Дубавец, Алесь Камоцкі, Максім Клімковіч, Барыс Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Сыс, Андрэй Федарэнка і многія іншыя.

Традыцыйныя паэтычныя чытанні праводзяцца з 2006 года. Сёлета сваякі, землякі, родныя і блізкія Анатоля вырашылі перанесці традыцыйныя мерапрыемствы па ўшанаванні ягонай памяці на вясну, на трэцюю суботу траўня 2017 года. Анатоль Сыс пайшоў з жыцця 4 траўня 2005 года.

Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ўсіх аматараў творчасці Анатоля Сыса далучацца да паэтычных чытанняў у Гарошкаве.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"