"Святая вада" — новая кніга Ларысы Раманавай

У серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў выйшла новая кніга — "Святая вада" Ларысы Раманавай.
З апорай на традыцыі ствараць прыгажэйшым і лепшым сённяшняе беларускае духоўнае быццё; усе пакуты, усё нядобрае можна пераадолець пяшчотай і любоўю, — на такую праграму настройваюць многія вершы паэткі.
Аўтар творыць прастору для сваіх вершаў. Гэтым яна найперш цікавая, і ў тым выпадку, калі перакрэслівае і руйнуе звыклыя ўяўленні пра розныя жыццёвыя праявы: “Вучыся сасне ў сасны, бамбуку ў бамбука… уцякай ад самога сябе. Ісціна не асягнецца, калі не адслоніш сябе” (Мацуа Басё).
У “вандроўнай” паэзіі Ларысы Раманавай — імкненне зведаць сутнасць рэчаў, боль існавання, раствораны ў светабудове, спакойная радасць самоты.
Пачынаецца зборнік вершам, прысвечаным Хвядоры Хвядосаўне Халюковай – спявачцы з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна:
Вясна.
Вяслуе сонца ў дом
у чоўне
па залатым блакіце.
Адчыніць дзверы толькі той,
Хто зможа сам раскрыцца.
Разгорне крылцы матылёк
І ў танцы пройдзе над зямлёю:
“Я пагляджу на ўсё здалёк,
Я бездань назаву зямлёй сваёю”.
Пра аўтара:
Ларыса Дзмітрыеўна Раманава. Нарадзілася 28 студзеня 1968 г. у в. Покаць Чачэрскага раёна. Вучылася ў Покацкай сярэдняй школе. У 1986 г. закончыла Свяцілавіцкую сярэднюю школу Веткаўскага раёна. З 1987 г. па 1991 г. вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Закончыла аддзяленне «Беларуская і руская мова і літаратура». З 1993 г. па цяперашні час працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея народнай творчасці, жыве ў Ветцы. Першы верш напісаны ў 13 гадоў.
На працягу вучобы ў ГДУ узначальвала «Поўню» – філію «Тутэйшых» пры гомельскім маладзёжным аб’яднанні «Талака», удзельнічала ў нарадах, якія адбываліся ў «Іслачы (Доме творчасці Саюза пісьменнікаў Беларусі).
У 1991 г. вершы былі надрукаваны ў альманаху «Тутэйшыя». На працягу наступных гадоў вершы, апавяданні друкаваліся ў часопісах «Крыніца», «Маладосць», «Роднае слова», газетах «Наша ніва», «Чырвоная змена», «Гомельская праўда», «Аксамітны жах», публіцыстычныя нарысы – у газ. «Голос Веткаўшчыны» ( веткаўскай раённай газеце).
У 1997 г. выйшла кніга паэзіі «Аддай асалоду Богу» ( выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Сябра СП Беларусі (з 2000 г. – рэкамендацыі Анатоля Сыса, Барыса Пятровіча).
У 2004 г. выйшла кніга паэзіі «Птушкі і рыбы» ( выдавецтва «Беларускі кнігазбор»).
Дасьледуе розныя тэмы беларускай традыцыйнай культуры. Удзельнічала ў шматлікіх навуковых міжнародных канферэнцыях. Мае навуковыя публікацыі ў часопісе «Роднае слова», «Полымя», адзін з аўтараў выданьняў «Навуковыя запіскі Веткаўскага музея народнай творчасці» (2004) г.), «Арнаменты Падняпроўя» (2004 г.).
Фота БелаПАН
Прэсавая служба СБП