Святкаванне 100-годдзя Ларысы Геніюш у Акадэміі Навук
У бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі адбылася імпрэза ў рамах святкавання 100-годдзя беларускай паэткі Ларысы Геніюш, што цягам усяго году шэрагам мерапрыемстваў і падзей святкуецца па ўсёй Беларусі.
У вечарыне ўзялі ўдзел шматлікія дзеячы беларускай літаратуры, культуры і навукі. Імпрэза аказалася адной з нешматлікіх падзеяў, праведзеных у дзяржаўнай установе:
– Мы пабачылі тое, што павінна было быць, – кажа старшыня аргкамітэту па святкаванні юбілею паэткі, Міхась Скобла, – так мусіла адбыцца і ў Ваўкавыску, і ў Зэльве, і ва ўсіх іншых мясцінах, дзе адбываліся Геніюшаўскія імпрэзы, якім хтосьці і чамусьці чыніў нейкую перашкоду. Але мы бачым, як паводзіць сябе сталіца – тут годна ўшанавалі Ларысу Геніюш, ушанавалі ў Акадэміі Навук, у адпаведнай урачыстай атмасферы. Можна толькі быць удзячным за гэта кіраўніцтву бібліятэкі Акадэміі Навук, бо з іх боку было самае сапраўдные спрыянне.
У рамах іпрэзы былі прэзентаваны аўдыё- і кніжныя выданні, якія з’явіліся на свет менавіта ў год святкавання 100-годдзя Ларысы Геніюш, а таксама адкрытая выстава, дзе публіцы паказаныя рукапісы Ларысы Геніюш, яе лісты, дакументы, фотаздымкі і інш.
Святкаванне ж 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш працягваецца. Як адзначылі арганізатары імпрэзы, у плане прэзентацый прысвечаных лёсу і творчасці паэткі яшчэ шмат нявыкананых пунктаў. Найбліжэйшая падзея прысвечаная Ларысе Геніюш адбудзецца ў Гродне ў сярэдзіне лістапада.