Святкаванне першых угодкаў кнігарні "ЛогвінаЎ"

Грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!" і выдавецтва "Логвінаў" 12 лютага (субота) святкуюць першыя ўгодкі існавання кнігарні "логвінаЎ" (або проста "Ў").

Што нас чакае ў гэты дзень?

1. Візіт знакамітасцяў. На Незалежнасці, 37А прадаўцоў, дырэктараў і касавы апарат кнігарні цэлы дзень будуць віншаваць сябры-літаратары:

Ігар Бабкоў
Валянцін Акудовіч
Адам Глобус
Андрэй Хадановіч
Севярын Квяткоўскі
Марыйка Мартысевіч
Вольга Гапеева
Артур Клінаў
Наталка Харытанюк
Уладзімір Арлоў


2. Раздача сланоў (напалову задарма).
У гэты дзень уладальнік крамы Ігар Логвінаў не будзе кантраляваць сябе ад радасці і прадасць вам любую кнігу ўласнага выдавецтва за 50% кошту, а кнігі ад "Будзьмы" — са зніжкай у 70%.


3. Раздача лічбавых сланоў.
Кожнаму, хто зойдзе ў гэты суботні дзень у кніганю "Ў" (нават без усякай мэты), кампанія "Будзьма беларусамі!" падорыць СD-зборнік. Будзьма з дыскам!

4. Дзіцячы літаратурны ранішнік з удзелам Віктара Жыбуля, Веры Бурлак і Андрэя Хадановіча. "Дзіця — разгорнутая кніга" (К.Чукоўскі). Цікавосткі, падрыхтаваныя для дзяцей, дададуць добрага настрою іх бацькам. Без падарункаў ад кампаніі "Будзьма!" не абыдзецца і тут.

Такім чынам, падсумоўваем:

Ў-годная праграма, 12 лютага:

14:30 —16:00 — Дзіцячы літаратурны ранішнік.
16:00 — 17:30 — Выступ літаратурных знакамітасцяў з віншаваннямі кнігарні.
17:30 — 18:30 — Бард-канцэрт. Музыкі адцягнуць увагу, калі ў шыбы кнігарні будуць драпацца прыцемкі.
18:30 — 20:00 — Працяг выступу знакамітасцяў, а таксама прэзентацыя новых кніг выдавецтва "Логвінаў", конкурсы з падарункамі.

Будзьма ў кнігарні "Ў"!

Адрас: Незалежнасці, 37А, гэта ў двары за домам "Подзвіг народа" на плошчы Перамогі.

budzma.org