Святлана Алексіевіч і Барыс Пятровіч выступілі на Школе маладога пісьменніка

І калі спадара Барыса больш слухалі (асабліва прыйшліся даспадобы навучэнцам прачытаныя пісьменнікам кароткія апавяданні), то спадарыні Святлане стараліся задаваць пытанні. Прычым тэматыка была надзвычай шырокай — ад успамінаў дзяцінства да ўспрыняцця рускай рэлігійнай філасофіі. 

Фотаздымак на памяць.

Пра загадкі пісьменніцкага почырку

Цягам свайго майстар-класу празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч распавядаў пра свой досвед рэдакцыйнай працы, пра такую з’яву, як графаманія, і пра тое, як можна пазнаць характар пісьменніцкага таленту па почырку. Напрыклад, каліграфічны почырк у лісце, дасланым у рэдакцыю, і выкарыстанне чарнілаў рознага колеру (адначасна і зялёнага, і чырвонага), часта сведчылі пра нізкую мастацкую вартасць твораў.

Праўда, цяпер, калі напісаныя ад рукі лісты замяняюць электронныя, многае стала іншым. Да таго ж, у любым правіле бываюць выняткі.

І хаця на пытанне, ці можна навучыцца пісаць, ці для гэтага дастаткова выключна таленту, адназначнага адказу няма, але досвед папярэднікаў значна можа пачаткоўцам дапамагчы.

Асоба. Мова. Светапогляд

Святлана Алексіевіч, Нобелеўскі намінант, аўтарка дакументальна-мастацкай прозы, перакладзенай на дзясяткі моваў і вядомай па ўсім свеце, адзначыла, што фарміраванне і “канструяванне” ўласнай асобы для маладога чалавека — першачарговая задача.

Парады, якія давала навучэнцам Святлана Аляксандраўна, былі метафарычнымі і патрабавалі глыбокага асэнсавання.

Пра пошукі ўласнага пісьменніцкага “я”

“Самае галоўнае — гэта канечне, талент. Зазвычай да яго чалавеку даецца таксама так званае “пачуццё шляху”, якое “вядзе” пісьменніка і без якога талент не будзе трывалым, а толькі “мігатлівым” і можа з цягам часу знікнуць”, — заўважыла пісьменніца.

Талент будзе марны, калі творца не сфарміруецца як асоба, калі не збярэ сваю ідэнтычнасць, нібыта канструктар. З чаго складаецца асоба? Святлана распавядае: яна яшчэ з юнацтва ведала, што хоча займацца пісьменніцтвам, і мела сваё “пачуццё шляху”.

Шмат у чым на аўтарку паўплывалі кнігі, хаця пісьменніца і ўвогуле яе пакаленне выхоўваліся ў “плоскім свеце”, бо ў савецкі час многае было недаступна, і нават класіку прачыталі не ўсе, а толькі тыя, хто працаваў самастойна.

Зрэшты, не варта чытаць усё запар, а шукаць тое, што патрэбна менавіта табе:

“Відовішча кніжных кірмашоў у Франкфурце або Барселоне з дзясяткамі тысяч кніг аказваюць такі ўплыў, што хочацца ў той момант кінуць пісаць ад адчування хаосу. Навучыцца выбіраць неабходнае, каб не патануць у гэтым моры, зусім няпроста. Трэба адчуваць”.

Якраз “канструяванне ” асобы было для Святланы Алексіевіч самай складанай задачай. Як расказала аўтарка, яна вырасла ў сям’і школьных настаўнікаў, і таму з дзяцінства яе акружалі кнігі. У той час, як яе равеснікі асвойвалі рэалістычныя прафесіі, верылі толькі матэрыяльнаму, таму, што можна зрабіць рукамі, і шукалі такіх заняткаў, Святлане як “кніжнаму” чалавеку было складана звыкнуцца з рэчаіснасцю.

Уратавала толькі тое, што ладную частку юнацтва пісьменніца правяла ў вёсцы, і цвярозы погляд на жыццё быў перададзены ёй вясковымі людзьмі, у прыватнасці, яе мудрай украінскай бабуляй.

Пра адыход ад банальнасці і моўнае пытанне

“Большасць людзей абыходзяцца банальнасцю, ведаюць шмат розных дробязей, практычна ім не патрэбных, і гэта ўсё не стала іхнім. Залішне шмат нельга пераварыць. Не чытайце таго, што можна не чытаць, а толькі тое, што сапраўды мае дачыненне да таямніцы жыцця. Біялагічны снабізм нядорага каштуе. Каб сур’ёзна нечага дасягнуць, патрэбная вялікая канцэнтрацыя. А траціць каштоўны час на глупствы, асабліва ў маім узросце гэта разумееш, шкада”.

Не толькі і не столькі кнігі дапамагаюць у асобасным прарывы. Гэтаму спрыяюць таксама сустрэчы з людзьмі, якія могуць паказаць свой унікальны досвед і светапогляд.

Дачыненне да пэўнай тусоўкі або ідэі яшчэ не азначае ідэнтычнасць. Асоба, на погляд пісьменніцы, гэта абсалютна адзінокі стан, і неабходна пастаянна працаваць над сабой.

Мова — яшчэ адзін найважнейшы складнік пісьменніцтва. Хаця, як лічыць Святлана, у агульным сэнсе і руская, і беларуская мовы маюць у нашым грамадстве свае праблемы.

Усё жыццё развіваць свой стыль і авалодваць магіяй мовы, каб зрабіць яе пазнавальнай для чытача — сапраўднае майстэрства, у якога няма мяжы дасканаласці.

Пра ўнікальнае светаадчуванне

“Кніга для мяне пачынаецца з “шолаху таямніцы”, — тлумачыць Святлана Аляксандраўна сутнасць трэцяга важнага складніку пісьменніцтва — светапогляду. — Напрыклад, з назірання за прыродай у чарнобыльскай зоне: за пчоламі, за мурашамі, за жывымі істотамі, якія маюць сакральную форму ведаў, не даступную чалавеку, — з’явілася адчуванне таго, што ты бездапаможны як біясістэма, і ніякая адукаванасць не выратуе ад катастрофы. Чалавек перастае быць самым галоўным. Разумееш, што чалавечы прагрэс — новая форма вайны. Калі датыкаешся да гэтага разумення, пачынаеш чуць “гук” кнігі, нараджаецца назва “Чарнобыльская малітва””.

 

“Мастацтву патрэбна быць сціплейшым”

Пасля невялікай лекцыі навучэнцы Школы звярнуліся да госці з пытаннямі.

— Наколькі Вы верыце ў тое, што кнігі могуць уратаваць свет, што могуць нешта змяніць да лепшага?

— Пэўныя ідэі, канечне, можна давесці, але мастацтву патрэбна быць сціплейшым. Без яго свет быў бы яшчэ больш жудасным. Змяніць свет немагчыма, гэта нават у Хрыста не атрымалася. Але барацьба Дабра са Злом, як пісаў яшчэ Дастаеўскі, адбываецца ў душы чалавека. І пісьменнік здатны паўплываць у гэтым сэнсе. Тысячы чалавек па ўсім свеце пасля прачытання “Цынкавых хлопчыкаў” або “Чарнобыльскай малітвы” падыходзілі да мяне і казалі, што іх свет перакуліўся, што яны хацелі б нешта рабіць. Напрыклад, адзін француз пасля прачытання “Цынкавых хлопчыкаў” вырашыў, што адчыніць сваю краму, каб прадаваць такія кнігі, і праз шмат гадоў, пасля смерці яго бацькі, ён ажыццявіў сваю задуму.

Для пісьменніка мусіць быць аднолькава вартыя ўвагі і кат, і ахвяра. Галоўнае — сабраць досвед  і паказаць, што чалавечы дух можна ўмацаваць.   

 

— Наколькі часта Вы сутыкаліся як жанчына-пісьменніца з праявамі патрыярхальнага грамадства? Якім чынам ставяцца да жанчын-пісьменніц у еўрапейскіх краінах?

— Амаль 12 гадоў я жыла ў Еўропе, і фемінізм на Захадзе абсалютна нармальная з’ява, і ніколі мужчыну ў галаву не прыйдзе, што Міністрам абароны не можа быць жанчына. Там ніхто не будзе гаварыць “гэта не бабская справа”. Беларускае грамадства безумоўна патрыярхальнае. Калі я была маладая, то адчувала гэта. Але калі выходзіш на пэўны ўзровень поспеху, тады мужчыны неяк прыціхаюць (Усміхаецца). Памятаю, адна вельмі вядомая афрыканская паэтка гаварыла, што ў  яе вельмі добры муж, бо ён падпісаў афіцыйную паперу, у якой дазволіў ёй пісаць вершы. А мог і не падпісаць. Хачу сказаць дзяўчатам, што прафесія пісьменніка патрабуе моцнага характару і ўмення адстойваць сябе.

 

— Куды вядзе чалавечы прагрэс?

Калі кніга пра Чарнобыль была выдадзена ў Японіі 7 ці 8 гадоў таму, я выступала на востраве Хакайда, дзе ёсць атамная станцыя. Яе супрацоўнікі, якія прыйшлі на сустрэчу, сказалі, нібыта ў іх усё настолькі бяспечна і пралічана, што ніколі не здарыцца падобнай трагедыі. Бо іх тэхналогіі наперадзе ўсяго чалавецтва. Гэта сапраўды так, але зусім нядаўна ў выніку землятрусу адбылася катастрофа. Прырода ператварыла гэты прагрэс у друз. Землятрус быў на два балы мацней за крайні закладзены ў японскай атамнай станцыі ўзровень бяспекі. Чалавецтва ідзе па шляху самазнішчэння.

 

— У кнізе “Час Second Hand” Вы даследавалі феномен “гома саветыкуса”. Наколькі сучасная беларуская і руская моладзь “савецкая” па сваім мысленні і ладу жыцця?

— Вы нават не ўяўляеце, наколькі вы адрозніваецеся ад вашых замежных равеснікаў. Зрэшты, беларуса, рускага або ўкраінца нават па знешнім выглядзе, па тым, як сядзіць на ім дзелавы касцюм, можна пазнаць на любой міжнароднай канферэнцыі. Але кніга насамрэч не пра гэта. А пра тое, колькі недасяжнага заключана ў чалавечай сутнасці і ўласна ў самім феномене жыцця. Самае небяспечнае, што засталося пасля Утопіі — гэта чалавек, які не ўмее жыць іначай. За выняткам краінаў Прыбалтыкі, якіх узяў пад сваю апеку Еўразвяз. А мы ўвесь час вяртаемся на “кругі свая”. Маленькая тэрыторыя, якую вельмі лёгка кантраляваць, і цяжка сказаць, калі адбудзецца накапленне досведу.

— Для сваіх кніг Вы абіраеце вельмі сур’ёзныя і пакутлівыя тэмы. Якія кнігі Вы самі чытаеце?

— Чытаю ў асноўным філасофскія кнігі. Успаміны Буніна, Шульгіна, Гіпіус. Мне хацелася адчуць рэвалюцыйныя павевы, якія цяпер таксама ёсць у паветры, як адбываюцца свядомасныя зрухі ў пераломныя моманты гісторыі. У сённяшняй літаратуры мне не хапае канцэнтрацыі. І аўтарскага свету, якім адзін пісьменнік адрозніваецца ад іншага. Французская філасофія, Барт, Дэрыда, з якімі я азнаёмілася раней, вельмі адметныя сваім інструментарыем.

У строгім разуменні ў Расіі філасофіі няма. Хутчэй рэлігійная філасофія. Чытаю Фларэнскага, Шастова, Фёдарава, Цыялкоўскага, Вернадскага. Тут можна ўбачыць нейкія мары, сненні пра чалавека.

Майстар-клас завяршыўся аўтограф-сесіяй са Святланай Алексіевіч і фотаздымкам на памяць.

Тэкст: Віка Трэнас, для lit-bel.org   

Фота Алены Казловай