Святлана Алексіевіч — чацвёртая ў спісе букмекераў на атрыманне Нобеля па літаратуры

Святлана Алексіевіч

Дзве аўтарытэтныя брытанскія букмекерскія канторы (unibet.co.uk і 888sport.com) прымаюць стаўкі на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

У абодвух спісах надзвычай высокае месца займае беларуска Святлана Алексіевіч. У прагнозах букмекераў яна займае чацвёртае месца. Стаўкі на яе прымаюцца з каэфіцыентам 9 да 1.

Не так даўно выйшла новая кніга Святланы Алексіевіч “Час second hand”. Кніга пабачыла свет па-расейску, па-шведску, па-нямецку. Па-беларуску частка кнігі выходзіла ў часопісе “Дзеяслоў”. На гэтую кнігу атрыманая выдатная крытыка ў свеце.

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 ва ўкраінскім Івана-Франкоўску. Скончыла школу ў Петрыкаўскім раёне.

Аўтар дакументальных кніг «У вайны — не жаночае аблічча» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цынкавыя хлопчыкі» і інш.

Лідзіруе ж 64-гадовы японскі пісьменнік Харукі Муракамі (4 да 1). Ён папулярны і ў Беларусі. Муракамі аўтар такіх раманаў, як «1Q84», «Кафка на пляжы», «Нарвежскі лес», «Дэнс, Дэнс, Дэнс», «Слухай песню ветра». Аднак Нобелеўскую прэмію летась ужо атрымліваў аўтар з Азіі – кітаец Мо Янь.

На другім месцы аказалася амерыканская аўтарка Джойс Кэрал Оўтс (8 да 1). Найбольш плённы перыяд творчасці пісьменніцы прыйшоўся на 1960-ыя. Тады яна стварыла раманы «Ашаламляльнае падзенне», «Сад радасцяў зямных», «Іх жыцці».

Амерыканская літаратура вось ужо 20 гадоў не атрымлівала Нобелеўскую ўзнагароду.

На трэцім месцы вугорскі аўтар Петэр Надаш (9 да 1). Сёлета па-беларуску выйшаў ягоны раман «Канец адной сямейнай сагі». Праўда, пераклад рабіўся не з мовы арыгіналу, а з польскай.

За Алексіевіч у спісе аказаліся галандзец Сейс Ноотэбоом, албанец Ісмаіл Кадарэ, італьянец Умберта Эка, сірыец Адоніс.

Зміцер Панкавец, nn.by