Святлана Алексіевіч: “Чым далей – тым жыць больш загадкава, чым далей – тым цікавей”

                                                         31 траўня – юбілей самай вядомай у свеце пісьменніцы з Беларусі Сьвятланы Алексіевіч. Яе кнігі не выдаюцца дзяржаўнымі выдавецтвамі Беларусі. Між тым дакументальная проза пісьменніцы перакладзеная больш чым на 20 моваў свету. Апошнія гады пісьменніца жыве і працуе ў Швецыі, але на свой юбілей абавязкова прыедзе ў Беларусь.

Гэта парадокс, які не разумеюць у цывілізаваным свеце: каб кнігі сусветна вядомых, прызнаных пісьменнікаў выходзілі мільённымі накладамі на розных мовах ўсюды, але толькі не на радзіме творцы. Каб літаратар меў дзесятак прэстыжных міжнародных прэміяў і ўзнагародаў, і ніводнай айчыннай.

Словы і пажаданні Святлане Алексіевіч ад калегі па літаратурнаму цэху Наталкі Бабінай: “Для мяне асабіста Святлана Алексіевіч – гэта прыклад такога пісьменніка, які мае сілу і мае мужнасць дадумваць усё да канца, гаварыць усё да канца, без усялякага страху, без усялякіх эківокаў на абставіны, на людзей. Я б хацела пажадаць, каб усясветная слава пісьменніцы Алексіевіч яшчэ ўзрастала. І яшчэ пажадаць, можа, ня толькі ёй, а нам усім, чытачам, каб яе кніжкі выдаваліся ня толькі ва ўсім свеце, але і тут у нас, на Беларусі”.

Святлана Алексіевіч апошнія гады жыве і працуе за мяжой: спачатку ў Італіі, зараз у Швэцыі. На радзіме бывае часта. Пісьменьніца перакананая: “Мы не павінны быць закладнікамі Лукашэнкі, мы не павінны быць закладнікамі ягонага калгаснага інтэлекту. Асабліва для эліты вельмі важна выйсьці зь ягонага палону, зь ягонага гіпнозу, сапраўды пачуваць сябе ў свеце, а ня толькі ў Беларусі. Я яшчэ раз паўтару: у свеце, Беларуссю – але ў свеце”.

У сваёй творчасці Святлана Алексіевіч абрала “жанр чалавечых галасоў”. Яна прызнаецца, што свае кнігі выглядае і выслухоўвае на вуліцах, за вакном, у іх рэальныя людзі распавядаюць пра галоўныя падзеі свайго часу. Яна піша пра вайну, пра Чарнобыль, пра Афганістан, пра самазабойцаў і пра каханне. Святлана лічыць сябе шчаслівым чалавекам:

“Я ўсё ж такі веру, што ўсё ёсць у гэтым жыцці: і каханне ёсць, і блізкія людзі ёсць, і радасць ёсць. Мне ўдалося захаваць нейкую радасць у жыцці. І гэта цудоўна, што мы атрымаліся, і мы ёсць. Жыць і ў часе, і ў той жа час памятаць, што ёсць тваё адзінае жыццё. Я і ў сваіх кнігах спрабую спалучыць сучаснага чалавека і тое, што называецца вечным чалавекам. Мне чым далей – тым жыць больш загадкава, чым далей – тым цікавей”.

Паводле "Svaboda.org"