Святлана Алексіевіч: «Хочацца, каб беларусы адчувалі гонар за сябе і сваю краіну» (+ВІДЭА)

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску, Святлана Аляксандраўна адказала на шматлікія пытанні журналістаў і чытачоў.

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч (з кветкамі) і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч віншуюць Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобеля па літаратуры

З падзякай да настаўнікаў Алеся Адамовіча і Васіля Быкава

-- Калі дазналася пра атрыманне прэміі, ведаеце, я падумала не пра сябе. Адзін з нямецкіх тэатраў ставіць у Франкфурце спектакль па кнізе “У вайны не жаночае аблічча” і хацеў запрасіць на прэм’еру кагосьці з гераінь твора. З пяцідзесяці нумароў, якія я абтэлефанавала, -- нікога ўжо няма ў жывых. Раней падобны досвед быў з героямі Чарнобыля. Першае падумалася: шкада, што гэтыя людзі не даведаюцца. Падумалася, што гэта ўзнагарода не толькі мая – гэта ўзнагарода нашай культуры, нашай маленькай краіны, якая цягам сваёй гісторыі ўвесь час перамолваецца ў жорнах. Вялікія цені пісьменнікаў-набелістаў – Буніна, Пастэрнака – ажылі для мяне. У час шматгадовай літаратурнай працы прыходзяць стома і расчараванне, а тут з’явілася радасць і разуменне, што планку немагчыма будзе панізіць. Хочацца, каб беларусы адчувалі гонар за саміх сябе і сваю краіну, -- прызналася Святлана Алексіевіч.

Святлана Алексіевіч (у цэнтры) у акружэнні журналістаў

-- Першыя, каму хацелася б падзякаваць – маім настаўнікам Адамовічу і Быкаву. Быкаву за тое, што ён быў узорам чалавечай стойкасці. Адамовічу, які быў чалавекам еўрапейскага маштабу, за тое, што ён, як ставяць голас спеваку, так паставіў мне “машыну мыслення”.

Таксама дзякую маім героям, маім выдаўцам па ўсім свеце, людзям, якія прымушалі мяне задумацца і дарылі мне нейкую здагадку пра чалавека. Усе мы складаемся з настаўнікаў, усе мы стаім на плячах роду, усім патрэбныя людзі, які могуць задаць дарэчныя пытанні.

Пра мову і нацыянальную ідэнтычнасць

-- Я пішу пра чалавека і ўтопію – 70 гадоў утопіі і пасля 20 гадоў, як мы выходзім з яе, -- якая гаварыла на рускай мове. Мае героі вельмі розныя – беларусы, рускія, украінцы, цыгане – і ўсе яны размаўлялі па-руску.

Я пачуваюся чалавекам беларускага свету, беларускай стыхіі, у той жа час чалавекам рускай культуры, а таксама і чалавекам-касмапалітам. Апошняе якраз мне ўдалося зразумець пасля Чарнобылю, падчас напісання кнігі “Чарнобыльская малітва”. Знаходзячыся ў радыяцыйнай зоне, не адчуваеш канкрэтную нацыянальнасць, а хутчэй бачыш роўнасць усяго жывога ў адным агульным свеце – чалавека, жывёлы, расліны. Усё гэта разам – ува мне.

Пра супраціўленне сістэме

-- Ніхто не любіць праўду, але я заўсёды гавару тое, што думаю, таму, верагодна, у прэсе пішуць шмат спрэчнага пра маё стаўленне як да расіян, так і да беларусаў.

Насамрэч я люблю і рускі народ, і беларускі. Мае сваякі па бацькоўскай лініі – беларусы, у чацвёртым пакаленні я вясковы настаўнік, мой прадзед вучыўся з Якубам Коласам, і гэта мая радзіма, мая зямля. У той жа час, мае бабуля і маці – украінкі, і калі я нядаўна была на Майдане і бачыла фотаздымкі маладой Нябеснай Сотні, то плакала – бо гэта таксама мая зямля.

У наш час складана быць праўдзівым чалавекам. Важна не паддавацца на згодніцтва (“соглашательство”), на якое заўсёды разлічвае таталітарная ўлада. У гэтым плане паказальная кніга “Сумленне нацыстаў” пра тое, як нацызм прыходзіў у жыццё звычайных немцаў у 1920-я гады. Спачатку агітацыя не працавала, але ідэалагічная машына магутна набірала хуткасць, націскаючы на кнопкі найпрасцейшых чалавечых інстынктаў, і за 10 гадоў нацысты зрабілі зусім іншы народ.

Чалавекам заставацца заўжды страшна і складана, нават тады, калі няма масавых палітычных рэпрэсій, як у 1930-я, аднак жа і ў наш час саджаюць і ў Беларусі, і ў Расіі. Але варта мець мужнасць, каб супраціўляцца сістэме і таму, што могуць гаварыць у СМІ.

Пра творчыя задумы

-- У цяперашні час працую над дзвюма кнігамі, якія закранаюць метафізічную тэматыку. Хаця і жывем мы так, як у показцы: пачынаецца ўсё добра, а заканчваецца аўтаматам Калашнікава – але саспела новае пакаленне, іншыя людзі, якія хочуць быць шчаслівымі, умеюць радавацца жыццю, вандруюць па свеце. Таму першая з кніг, над якімі я працую – пра каханне (мужчыны і жанчыны распавядаюць гісторыі кахання). Другая з іх – пра старасць, знікненне, канец жыцця, канцэпт памірання і смерці. І калі да другога твора, напрыклад, руская чытацкая публіка гатовая, то да першага – да жадання і ўмення быць шчаслівымі – не.

Пра маральных аўтарытэтаў

-- Нашыя магікане – прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – памерлі няўчасна, на жаль. Як нам не хапае Адамовіча, Быкава, іх слова, іх разумення, іх узроўню! Некаторыя рэчы не былі б дазволеныя, не сталіся б магчымымі, калі б яны былі цяпер з намі. Мы не можам сабе дазволіць такую творчую адвольнасць, як, напрыклад, мае сябры, нямецкія пісьменнікі, якія едуць за горад і пішуць, займаюцца літаратурнай гульнёй, эстэтыкай. Мы маем недасканалае грамадства, недасканалы час, і хаця я зусім не барыкадны чалавек, але час цягне на барыкады, бо сорамна за тое, што адбываецца.

Аўтограф ад Святланы Алексіевіч

Пра “рускі свет” і “чырвонага чалавека”

-- Мне імпануе добры гуманітарны рускі свет, перад якім да сяе пары схіляецца сусветная грамадскасць – класічная руская літаратура, музыка, балет, -- і абсалютна не блізкі рускі свет Берыі, Сталіна, Пуціна.

Канцэпт “чырвонага чалавека”, якога я даследую ўжо шмат гадоў – гэта фундамент постсавецкага сучаснага грамадства, гэта тое, што актуальна і цяпер, тое, адкуль мы выйшлі. Таталітарызм аднолькава разбэшчвае і ката, і ахвяру. Мы жывем у траўмаваны перыяд. Мы прыбітыя да савецкага досведу, нават самыя маладыя з нас. У гэтым сэнсе паказальная сітуацыя ў Расіі, калі 86% насельніцтва радуюцца развязанай на Украіне вайне, падтрымліваюць тое, што адбываецца на Данбасе.

Савецкі час мы пакуль да канца не асэнсавалі. Яшчэ сто салжаніцыных маглі б апісваць і даследаваць яго. Болей за 70 гадоў, мільёны загінулых. Ідэя, якая пачыналася з жадання пабудаваць Горад Сонца, а закончылася вялікай крывёй, патрабуе глыбокага аналізу. Тое, што мне ўдалося зразумець, у сваім цыкле з пяці кніг пра чырвонага чалавека я выказала. Магчыма, настаў час выказацца камусьці яшчэ.

Фота і відэа: Ціхан Чарнякевіч, тэкст: Віка Трэнас, для lit-bel.org

Больш фота ТУТ