Святлана Алексіевіч паедзе на ўручэнне Нобелеўскай прэміі з сябрамі і сваякамі

10 снежня ў Стакгольме адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па фізіцы, хіміі, фізіялогіі і медыцыне, эканоміцы і літаратуры, а ў Осла — уручэнне прэміі ў галіне абароны міру.

Святлана Алексіевіч. Фота nn.by

Напярэдадні ганаровай цырымоніі, 7 снежня, кожны лаўрэат, у тым ліку і Святлана Алексіевіч, выступіць з так званай «Нобелеўскай мемарыяльнай лекцыяй». Тэксты лекцыяў Нобелеўскі фонд штогод публікуе ў адмысловым томе, нагадвае Радыё Свабода.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання строга рэгламентаваная. Асноўны дакумент, які рэгулюе правілы ўручэння прэміі, — статут Нобелеўскага камітэту.

Само ўзнагароджанне адбудзецца ў Стакгольмскай канцэртнай залі. Спачатку выступіць старшыня Нобелеўскага камітэту Касі Кулман Файв, а потым кароль Швецыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму лаўрэату адмысловы медаль з выявай Альфрэда Нобеля і дыплом.

Лаўрэаты павінны трымацца строгага дрэс-коду: мужчыны — у фраках і белых гальштуках, жанчыны — у вечаровых сукенках. На цырымонію ўручэння лаўрэат можа запрасіць да 16 сваіх сяброў. За пералёт, гатэль, канцэрт, банкет запрошаныя сябры плацяць самі.

Разам са Святланай Алексіевіч у Стакгольм паедуць яе сябры-інтэлектуалы: прафесар БДУ сацыёлег Жанна Грышчанка, заснавальнік і саўладальнік парталу tut.by Юры Зісер і ягоная жонка, выкладчыца Унівэрсітэта культуры, культуролаг Юлія Чарняўская, маскоўскі выдавец Барыс Пастэрнак, журналістка Ядзвіга Юферава. Усе яны ляцяць у Стакгольм за свой кошт. Некалькіх сваіх блізкіх Святлана Алексіевіч запрасіла сама і сама ж заплаціць за іхнюю паездку. У гэты ж час у Стакгольме ў творчай камандзіроўцы будуць старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч і ягоны намеснік Алесь Пашкевіч, якія далучацца да імпрэзы. Гэта Радыё Свабода пацвердзіла сяброўка Святланы Алексіевіч, культуролаг Юлія Чарняўская:

«Мы самі аплачваем пералёт, ёсць невялікія зніжкі для гасцей па аплаце гатэля. А канцэрт, банкет — за ўсё плацім самі. Але такая падзея бывае адзін раз у жыцці, і пабачыць гэта надзвычай цікава.

— Ці вырашылі вы даволі складанае для кожнай жанчыны пытанне, дый для мужчыны таксама — там жа абавязковы дрэс-код? І вечаровых строяў павінна быць некалькі?»

— Так, вырашылі пытанне. Дарэчы, нам загадзя даслалі інструкцыю, што і як павінна быць. Мужчынам прасцей — яны за некалькі тыдняў паведамляюць свае памеры, і смокінгі ім «падганяюць», іх можна ўзяць напракат. Ну, а жанчыны — «шьют сарафаны, лёгкие платья из ситца»...

На пытанне, ці ведае спадарыня Юлія, у якіх колерах будзе Святлана Алексіевіч, Чарняўская катэгарычна адмовілася адказваць. Што да сваіх колераў, адказала загадкава, што яна будзе ў «скандынаўскай каляровай гаме, як прыдумаў мадэльер Аляксандр Варламаў».

Прыемнасць нятанная: наведванне канцэрту 8 снежня абыдзецца ў 1500 шведскіх крон (гэта прыкладна 150 еўра), банкет — у 2800 шведскіх крон (прыкладна 285 еўра).

10 снежня, пасля ўрачыстага ўзнагароджання, а 19-й гадзіне ў Блакітнай залі гарадской ратушы адбудзецца банкет. Ганаровыя госці на чале з каралём Карлам Густавам ХVI і каралевай Сільвіяй спускаюцца па лесвіцы ў залу, дзе ўжо знаходзяцца запрошаныя. У статуце прапісаны кожны крок: сталы павінны быць расстаўленыя з геаметрычнай дакладнасцю, зала ўпрыгожаная 23 тысячамі кветак, прывезенымі з Сан-Рэма, на абрусах і сурвэтках вытканы партрэт Нобеля, на талерках паласа з трох колераў шведскага ампіру — сіняга, зялёнага і залатога...

Шведскі кароль вядзе пад руку нобелеўскую лаўрэатку. Сёлета гэта Святлана Алексіевіч. (Калі ніводнай жанчыне Нобелеўская прэмія не прысуджана, то пад руку з каралём ідзе жонка лаўрэата прэміі па фізіцы). Першы тост паднімаюць за яго вялікасць, другі — у памяць Альфрэда Нобеля. Пасля гэтага раскрываецца таямніца меню... Банкет завяршаецца вынасам марозіва, увянчанага, як каронай, вензелем «N». У 22:15 шведскі кароль дае знак да пачатку танцаў у Залатой зале. У 1:30 госці разыходзяцца.

novychas.by