Святлана Алексіевіч стала першай беларускай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію!

Нарадзілася ва Украіне
Святлана Алексіевіч нарадзілася ў Івана-Франкоўску, бацька пісьменніцы – беларус, маці – украінка, аднак дзяцінства Алексіевіч прайшло ў Беларусі, у Гомельскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ і працавала ў раённай прэсе: менавіта журналісцкі падыход да напісання тэкстаў стаў асноўным у творчасці Алексіевіч.

Аўтарка шасці кніг
Алексіевіч – аўтарка шасці кніг, першая з якіх (“У вайны не жаночае аблічча”) была напісаная яшчэ ў 1985 годзе, аднак выйшла толькі ў 1987 годзе. Апошняя кніга пісьменніцы “Час second-hand” выйшла ў 2013 годзе, і стала хітом продажаў у Беларусі, а таксама мела пэўную папулярнасць у шэрагу краін Еўропы. Апошняя кніга – падсумаванне даследаванняў “чырвонага чалавека”, у якім Алексіевіч вывучае феномен савецкага чалавека і яго светаўспрымання.

Беларуская мова
Цягам 30 гадоў творчай дзейнасці Алексіевіч неаднаразова папракалі ў тым, што яна лічыць сябе прадстаўніком рускай культуры і не піша па-беларуску. У 2013 годзе вакол выказванняў Алексіевіч разгарэўся вялікі скандал, калі ў інтэрв’ю Frankfurter Allgemeine Zeitung пісьменніца сказала: «Так, я пішу толькі па-расійску і таксама лічу сябе прадстаўніцай расійскай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна недаспелая».

Аднак пазней у інтэрв’ю Радыё Свабода пісьменніца паведаміла, што такога не казала: "Вядома ж, я такога не казала. Тут той выпадак, калі на тэкст і дух інтэрв’ю наклалася асоба чалавека, які яго рабіў. Са мной гаварыла маскоўская карэспандэнтка газеты, магчыма, яе расійская мова была недасканалая, магчыма, яна падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць.
Я ніяк не магла сказаць тое, што напісана ў тэксце інтэрв’ю. Гэта зусім не адпавядае маім перакананням. Я заўсёды казала, што ў мяне дзве маці – беларуская вёска, у якой я вырасла, і расійская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца?”

Дарэчы, апошняя кніга Алексіевіч у 2013 годзе выйшла ў перакладзе на беларускую мову.

За адзін крок ад Нобеля
Летась Святлана Алексіевіч лічылася фаварытам Нобелеўскай гонкі – букмекеры па ўсім свеце ставілі яе на першае месца сярод прэтэндэнтаў на прэмію. Аднак у выніку прэмію атрымала канадская пісьменніца Эліс Манро.

Нямецкі гурт прысвяціў Алексіевіч альбом
Нямецкі гурт Samsas Taum у 2011 годзе выдаў альбом “Anleitung Zum Totsein” які мае, ў прыватнасці, такое прысвячэнне: “Ігару і Інзе, дзе вы знаходзіцеся цяпер. І Святлане Алексіевіч, чые кнігі пра смерць вярнулі мяне да жыцця”.

 

Юрась Ускоў, budzma.by