Святлана Алексіевіч святкуе юбілей

Святлана Алексіевіч. Фота www.dw.de

Шаноўная Святлана Аляксандраўна! Прыміце найшчырыя віншаванні са святам і зычэнні ўсяго самага добрага -- моцнага здароўя, дабрабыту, штодзённай радасці і плёну ва ўсіх справах, творчых поспехаў і натхнення!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Журналістка і пісьменніца, грамадскі дзеяч, галоўная інтэлектуальная асоба Беларусі, як называюць спадарыню Святлану еўрапейскія літаратурныя крытыкі, уладальнік шматлікіх міжнародных узнагарод і літаратурных прэмій нарадзілася 31 мая 1948 года ў г. Івана-Франкоўску (Украіна) у сям'і вайскоўца. Бацька – беларус, маці – украінка. Пасля дэмабілізацыі бацькі з арміі сям'я пераехала на яго радзіму – у Беларусь. Жылі ў вёсцы. Бацька і маці працавалі настаўнікамі. У час вучобы на журфаку БДУ, куды Святлана паступіла ў 1967 годзе, творца неаднаразова была лаўрэатам рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў навуковых студэнцкіх работ.

Пасля ўніверсітэта працавала ў бярозаўскай раённай газеце на Берасцейшчыне, пазней -- у рэдакцыі рэспубліканскай «Сельской газеты». Потым была карэспандэнтам, загадчыкам аддзела нарыса і публіцыстыкі літаратурна-мастацкага часопіса «Нёман».  

Дэбютаваўшы ў 1975 годзе, аўтарка спрабаваля сябе ў жанрах рэпартажу, артыкула, апавядання, але вырашальны ўплыў на пісьменніцкі выбар Святланы Алексіевіч аказаў Алесь Адамовіч, вядомы як адзін з аўтараў выданняў «Я – з вогненнай вёскі» і «Блакаднай кнігі».

Творы Святланы Алексіевіч "У вайны -- не жаночы твар", "Апошнія сведкі", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Чарнобыльская малітва" выйшлі ў 23 краінах свету, вытрымалі ў агульнай колькасці каля 100 перавыданняў.  

На аснове кніг Святланы Алексіевіч знята 20 дакументальных фільмаў, пастаўленыя дзясяткі спектакляў у розных краінах свету.  

Святлана Аляксандраўна ўганараваная многімі міжнароднымі прэміямі, сярод якіх -- прэмія ім. Курта Тухольскага (Швецыя, 1996), "Трыумф" (Расія, 1997), "Самы шчыры чалавек года" (Расія, фонд "Галоснасць", 1998), "За лепшую палітычную кнігу года" (Нямеччына, Брэмен, 1998), "За еўрапейскае паразуменне" (Нямеччына, Лейпцыг, 1998), "Сведка міру" (Міжнароднае французскае радыё, Парыж, 1999), Прэмія міру ім. Э.-М. Рэмарка (Нямеччына, 2001).

Па матэрыялах інтэрнэту

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"