Сябры рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў” наведалі Вілейку

20 кастрычніка ў вілейскай грамадскай сядзібе прайшла сустрэча рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў” з чытачамі. Да “дзеяслоўцаў”,  Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча і Анатоля Івашчанкі, далучыўся паэт Усевалад Сцебурака, біяграфія якога шчыльна звязаная з Вілейшчынай.


У сваёй прамове рэдактар “Дзеяслова”, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч адзначыў, што сустрэча ў Вілейцы, прымеркаваная да 10-годдзя часопіса, магчыма, будзе першай і апошняй у бліжэйшым часе, бо, “калі ў суседа гарыць хата, не да святаў”. З гэтае ж прычыны запланаваную мінскую вечарыну “Дзеяслова” вырашана было адмяніць.

Імпрэза мела цёплы сяброўскі настрой. Слухачы задавалі гасцям пытанні. Самыя актыўныя наведнікі  вечарыны атрымалі ў падарунак свежыя і рарытэтныя нумары “Дзеяслова”, а таксама падарункі ад кампаніі “Будзьма”, у межах якой адбывалася сустрэча.

Сярод гасцей імпрэзы прысутнічалі прынятыя на нядаўняй Радзе сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Наркевіч і Зінаіда Губарава-Крупская.

Ул. Інф.

Фота Ганны Бабіцкай