Сябры выдалі пасмяротную кнігу маладога паэта Сяргея Маціна, які загінуў два гады таму

Кніга «Мары хмар» складаецца з вершаў паэта, якія ён напісаў яшчэ пры жыцці. Ён жа прыдумаў назву, аднак да выдання справа тады не дайшла.

«Калі ж Сяргея не стала, пасля яго засталіся адныя творы. І першым памкненнем пасля прыняцця факту, што самога Сяргея няма, быў імпэт выдаць яго творы кнігамі. Бо сапраўды мець свой зборнік Сяргей марыў. І быў гэтага варты», — распавядае Кася Глухоўская, якая адыграла найважнейшую ролю ў арганізацыі выдання.

Сябры вырашылі зрабіць усё самастойна — для сям'і Сяргея насталі цяжкія часы, бо амаль адразу пасля смерці хлопца сышлі з жыцця яго бабуля і дзядуля, а маці была вымушаная хаваць усіх траіх ды ставіць помнікі.

«Людміла Рублеўская падказала мне ідэю краўдфандынгу — і мы пачалі збіраць грошы з сяброў. Кожны даваў, колькі мог. Адгукаліся людзі мне зусім незнаёмыя… Грошы давалі настаўнікі з Ліцэя БДУ, як Вольга Зуева, былыя аднакласнікі Сяргея, мае аднагрупнікі з універсітэта, нашы агульныя знаёмыя і сябры. Аднак усё адно грошы збіраліся вельмі марудна, зрэшты, мой бацька дадаў на выданне палову свайго месячнага заробку і пажадаў пабачыць у хуткім часе зборнік на паліцах», — кажа Кася.

Хоць Сяргей пісаў і ўкраінскай, і на англійскай, і на расійскай мовах, большасць ягоных твораў - беларускамоўныя.

Беларускую мову ён называў мовай сваёй душы, свайго натхнення і шчырай любові.

Рэдактарам зборніка на прапанову Змітра Вішнёва стала Галіна Дубянецкая, паэтка і жонка паэта Сяргея Сыса, які таксама дапамагаў у выданні і рэдагаванні кнігі.

«Наогул Сяргей быў вельмі цікаўным, прагным да жыцця чалавекам. Ён любіў вандроўкі, працаваў нейкі час на чыгунцы правадніком (але не здолеў трываць патрабаванняў махлярства ў працы - і ўцёк з цягніка проста пасярод рэйсу. Сам жыў скурай вонкі і творы пісаў такія самыя», — піша Кася.

Зараз гэтая незвычайная кніга незвычайнага чалавека шукае свайго чытача.

Яе прэзентацыі цягам 2015-2016 гадоў адбудуцца ў Ліцэі БДУ, новай кнігарні «Галіяфаў», а таксама ў літаратурных музеях горада Менска.

Першая імпрэза адбудзецца 10 снежня ў 18:00 у музеі Петруся Броўкі (Мінск, вул. Маркса, 30).

На прэзентацыі выступяць паэты Віктар Жыбуль, Віктар Лупасін, Зміцер Вішнёў, Аляксандр Кальянаў b2b Ліза Белкіна, гурт «Ляўданс», прадстаўнікі часопіса «Маладосць».

Кнігу Сяргея Маціна «Мары хмар» можна набыць у «Акадэмкнізе» і ў кнігарні «Галіяфы».

Па ўсіх пытаннях просьба звяртацца да Касі Глухоўскай — kak.gluho@yandex.ru ці solnca95@yandex.ru

Мары хмар

Мары хмар — не маркотны прысмерк
У трымценні халодных зім,
І знікаць на бязлюднай выспе
Неахвотна таксама ім.

Мары хмар - не раптоўны вецер,
Што ў бясконцасць упарта мкне,
І на высахлыя суквецці
Дождж запознены не ліне.

Мары хмар зразумець няпроста,
Але сутнасць усё адна:
З увільготненага пагоста
Кветкі мкнуць дагары здаўна.

Сяргей Мацін. Мяжа Украіны і Румыніі, 30.06.2012

***

…Ці паспеем свае патаемныя мары
Мы прадставіць на суд паспаліты?..
Да апошняга ўздыху, нібыта Ікары,
Будзем рушыць узорамі літар.

Сяргей Мацін. Баранавічы, 31.03.2013

Аляксандр Гелагаеў, nn.by