Сяргей Абламейка: «Я напісаў кніжку, якой мне асабіста не хапала ў беларускай літаратуры»

Гэта 15 кароткіх апавяданьняў пра пісьменьнікаў. На прэзэнтацыі выступяць Міхась Скобла, Ірына Дубянецкая, Зьміцер Бартосік.

Сяргей Абламейка

«Цяпер у літаратуры модна пісаць раманы і аповесьці. А апавяданьні, як мне здаецца, нямодныя. А я нямодна люблю пісаць апавяданьні і чытаць апавяданьні.

На мой погляд, цяпер час якраз на кароткія формы. Цяпер людзі пішуць кароткія пасты ў „Фэйсбуку“, чытаюць гэтыя кароткія пасты, у сацыяльных сетках папулярныя кароткія відэа, кароткія кліпы. Такое ўражаньне, што літаратура таксама павінна адказаць кароткімі формамі на гэты трэнд.

Ну а зь іншага боку, літаратура — гэта справа густу. Хтосьці піша прыгожа, хтосьці піша аб прыгожым, а хтосьці ставіць вялікія мэты, шыфруючы іх у свае сюжэты. Я напісаў такую кніжку, выбраў простую мову і мінімум выяўленчых сродкаў. Частка гісторыяў нават ня маюць партрэтаў, я не апісваю іх. Для мяне галоўнае — расказаць гісторыю так, каб чытач зразумеў, пра што гэтая гісторыя насамрэч.

Некалі савецкія пісьменьнікі-фантасты браты Стругацкія, калі іх пыталі, дзе яны бяруць свае сюжэты і чаму яны пішуць менавіта тое, што пішуць, яны адказвалі: „Нам якраз гэтага не хапала. Хацелі прачытаць такую кніжку, а яе няма“. Гэта значыць, што ім і самім было цікава гэта пісаць. І, як ні дзіўна, гэта і мая гісторыя. Я таксама пішу пра тое, што мне б самому было цікава прачытаць, чаго мне не хапала ў сучаснай беларускай літаратуры. З майго пункту гледжаньня, я напісаў кніжку, якой не хапала ў беларускай літаратуры. Гэта мой уласны ўзор сучаснай беларускай літаратуры».

Адно апавяданьне фантастычнае. Дзея адбываецца на Маскоўскіх могілках. Там удзельнічаюць усе пісьменьнікі, што там пахаваныя. І да іх прыйшлі Янка Купала і Якуб Колас з Вайсковых могілак. А там усе — і Іван Шамякін, і Міхась Лынькоў, і Васіль Быкаў, Іван Мележ, Піліп Пестрак, Фёдар Янкоўскі — там цэлы пантэон беларускай літаратуры», — распавядае Сяргей Абламейка.

Сама прэзэнтацыя, як паабяцаў аўтар, будзе таксама кароткай, як і ягоныя апавяданьні ў кнізе «Дом літаратара. Пісьменьніцкія гісторыі»:

«Гэта будзе міні-прэзэнтацыя, бліц-прэзэнтацыя: апавяданьні кароткія, цяпер час кароткіх формаў, бо ў людзям няма часу паўтары-дзьве гадзіны слухаць».

Прэзэнтацыя пачнецца 6 лютага а 18.30 ў Галерэі «Ў» (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 37А).

Радыё Свабода