Сяргей Балахонаў і Вольга Гапеева: імпрэзы ў кнігарні "логвінаЎ" 19 і 21 студзеня

Кнігарня "логвінаЎ" (пр. Незалежнасці, 37а) запрашае 19 і 21 студзеня на літаратурныя імпрэзы. Першая з іх прысвечана выхаду новай кнігі Сяргея Балахонава, падчас другой адбудзецца аўтограф-сесія Вольгі Гапеевай: паэтка падпіша свой свежы вершаваны зборнік "Прысак і пожня".    

19 студзеня – Дэмбельскі альбом Францішка Скарыны


Пасля 6-гадовага маўчання гомельскі пустэльнік і Тэзей беларускага постмадэрнізму Сяргей Балахонаў выпусціў новую кнігу прозы “Зямля пад крыламі Фенікса”. З гэтае нагоды 19 студзеня (субота) адбудзецца прэзентацыя кнігі, падмацаваная магутным усходнебеларускім дэсантам. У імпрэзе, акрамя аўтара, будуць удзельнічаць: бард Андрэй Мельнікаў, літаратуразнавец Аксана Бязлепкіна, пісьменніца Анка Упала, рэдактар кнігі Аўген Касцюшка. Вядоўца – Ігар Бабкоў. А ў дадатак Сяргей Балахонаў выканае колькі песняў а капэла.
Пачатак а 19.00. Уваход – вольны.

Трохі пра кнігу. Думаеш, ты ведаеш беларускую гісторыю? Скажы тады, у якіх стагоддзях птушка Фенікс і адзінарогі насялялі наш край? Што маляваў Францішак Скарына ў сваім дэмбельскім альбоме? Як адзначалі старадаўнія літвіны сваё вяртанне з Месяца? Дарадца ў гэтых пытаннях – кніга Сяргея Балахонава. Кніга “Зямля пад крыламі Фенікса” уваходзіць у лонг-ліст прэміі імя Гедройца за найлепшую прозу 2012 года.

21 студзеня – Вольга Гапеева за прылаўкам кнігарні “логвінаЎ”


21 студзеня (панядзелак) за прылаўкам кнігарні “логвінаЎ” будзе стаяць паэтка Вольга Гапеева. Падчас сваёй кароткай змены (з 19.00 да 20.00) усім ахвочым Вольга распавядзе пра ўпадабаныя/зненавідныя ёй кнігі, а таксама падпіша свой новы паэтычны зборнік “Прысак і пожня”. Уваход – вольны.

Паводле Навінаў кнігарні "логвінаЎ"