Сяргей Чыгрын пра Сакрата Яновіча і Беласточчыну

Адным з удзельнікаў сёлетняга Трыялогу з'яўляецца Сяргей Чыгрын – паэт, журналіст, гісторык са Слоніма, які здаўна цікавіцца беларусамі Беласточчыны і ўпісвае іх у агульнабеларускі кантэкст.

Мікола Ваўранюк: Чым цікавы Сакрат Яновіч? Чаму варта працягваць Трыялогі і вывучаць яго спадчыну?

Сяргей Чыгрын: Я вельмі даўно быў знаёмы з Сакратам Яновічам. Дзесьці ў пачатку 90-х гадоў ён прыязджаў з групай літаратараў да нас у Слонім, дзе я з ім і пазнаёміўся. Пасля мы ліставаліся. Хоць ён і не любіў пісаць лісты, але мне заўсёды адказваў. Гэтыя лісты вельмі цікавыя. Мы думаем іх выпусціць асобным выданнем.

Сакрат быў вельмі спецыфічным і складаным чалавекам, заўсёды гаварыў тое, што думае. У апошнія гады ён многім быў незадаволены. Не падабалася тое, што ўвогуле адбываецца ў свеце, а ў Беларусі тым больш.

Я вельмі любіў з ім размаўляць. Думаю, ён варты даследаванняў і як чалавек, і як літаратар, і як гісторык, і як беларус, і як чалавек, які жыве ў правінцыі, у тых Крынках. Гэта ўсё варта ўвагі.

І калі гаварыць пра правінцыю, пра гэтыя Крынкі, то для яго яны былі Космасам, дзе ён бачыў сусветныя з'явы. А тое, што ён незадаволены быў тым, што адбываецца нават у той жа Беларусі, то цяжка здзіўляцца чалавеку, які маліўся беларускаму слову, маліўся на беларускую мову.

Сяргей Чыгрын: Я з ім у 2008 годзе рабіў вялікае інтэрв'ю, якое надрукавалі ў Беларусі ў дзвюх газетах. І ў ім ён казаў: «Цяпер добрыя і цікавыя кніжкі можна пісаць і выдаваць не толькі ў Варшаве, але і ў Крынках пры сённяшніх магчымасцях». Таму, сапраўды, Крынкі для яго – гэта свет. Ён сам так казаў. Яны для яго былі ўсім.

Я яго проста называў – Сакрат. Але ён не быў бы Сакратам, калі жыў бы, напрыклад, у Варшаве. Мне здаецца, там бы ён згубіўся, а ў Крынках – не.

Зараз я рыхтую кніжку, над якой ужо шмат гадоў працую. Яна пра беларусаў у Варшаве пачатку ХХ стагоддзя. І я яшчэ пры жыцці Сакрата прасіў напісаць прадмову да гэтай кнігі. Ён напісаў яе вельмі хутка. Я быў здзіўлены: кніжкі яшчэ няма, а прадмова напісаная. Ён мне тады сказаў: «Калі табе штосьці не спадабаецца, то сам рэдагуй. Але я ўпэўнены, што ўсё спадабаецца». Бачыце, які ён быў, якую меў адметнасць.

Заўсёды, калі была магчымаць узяць удзел у літаратурнай ці культурніцкай сустрэчы, я прыязджаў і стараўся сесці побач з Сакратам. Было цікава з ім паразмаўляць. Ён курыў, я – не. Але я выходзіў з ім у курылку, дзе ён разважаў.

Фота Андрэя Лянкевіча, kamunikat.org

Адным словам, ахвяравалі здароўем, каб паслухаць Сакрата Яновіча.

Сяргей ЧыгрынТак. Каб паслухаць Сакрата, я ішоў на ўсё. З ім было цікава размаўляць. Ён мне дарыў кнігі. І яго аўтографы вельмі адрозніваюцца ад аўтографаў іншых літаратараў. Ведаеце чым? Зараз скажу. Вось у мяне кніжка з яго аўтографам: «Яновіч – Чыгрыну». І подпіс.

Я памятаю, як ён раней яшчэ казаў, што доўга і нудна пісаць кожны дурань умее, а трэба пісаць каротка і змястоўна. Вось і ў гэтых прысвячэннях, відаць, захоўваецца яго думка.

Сяргей Чыгрын: Так, у гэтым быў нейкі вялікі сэнс. Вось гэтым і адрозніваўся Сакрат: філасафічнасцю, мініяцюрнасцю, канкрэтыкай. Яму не трэба гаварэнне – патрэбны справы.

У адной з апошніх сустрэчаў ён гаварыў, што трэба папулярызаваць беларускую культуру і літаратуру ў Еўропе. І нашая самая вялікая бяда ў тым, што мы гэтага не робім. Мы ведаем у Беларусі ўсіх пісьменнікаў, літаратараў, але папулярызацыі няма. Трэба прапагандаваць беларускую літаратуру, перакладаць яе на іншыя мовы, каб ва ўсім свеце яе чыталі. І тут я згодны з Сакратам.

Я прыгадваю адну з паездак у Швецыю. Я быў у бібліятэцы ў невялікім гарадку (як нашы Баранавічы) і спытаў, што ў іх ёсць з беларускай літаратуры. Спачатку маё пытанне напалохала іх, а пасля дзяўчына глянула і прынесла мне Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч. І ўсё.

Хацелася б вярнуцца да асобы Сакрата Яновіча і культурнай Беласточчыны. Думаю, гэта правінцыя цікавая. Бо калі б яна не была такой, то вы б не заняліся яе вывучэннем, не сталі б даследаваць біяграфіі і лёсы беластачанаў. Што канкрэтна вас прывабіла?

Сяргей Чыгрын: Мне заўсёды прыгадваюцца словы гарадзенскіх гісторыкаў і літаратараў пра тое, што ім прыемней быць на Беласточчыне, чым у Менску. А апошнім часам і я прыйшоў да такой высновы.

Лёс Беласточчыны такі самы, як і лёс былога Слонімскага павета. Часам мне здаецца, што Беласточчына – тэрыторыя, якая належала Слонімскаму павету, бо лёсы людзей аднолькавыя, трагедыя – аднолькавая, умовы працы людзей у вёсках – аднолькавыя. Аднолькавая мова, аднолькавыя адносіны. Мая мама ведала пра Беласточчыну больш, чым пра Усходнюю Беларусь.

Лёсы беларусаў з Беласточчыны вельмі падобныя да лёсаў жыхароў Слоніма, Дзятлава ці Наваградка. Я зараз па-ранейшаму шукаю ў Беларусі людзей – унукаў, дзяцей, у якіх бацькі былі з Беласточчыны. Зараз шмат адрасоў знайшоў у Менску.

Беласточчына – гэта наша агульная зямля, якую мы мусім даследаваць. І не зацікавіць гэта не можа. Гэта вельмі цікава нават для чалавека, які не займаецца гісторыяй, які не хоча чытаць. Але калі пачаць расказваць пра людзей нашых, то той будзе з захапленнем слухаць. Я і расказваю. Але гэта тэма бясконцая. І варта яе даследаваць. Кожная асоба знакамітага беларуса заслугоўвае сур'ёзнага выдання, а мы пакуль толькі пачынаем крочыць па іх слядах. Працы вельмі шмат.

І тыя лёсы людзей, той боль і трагедыі з гісторыі якраз і апісваў Сакрат Яновіч. Апісваў з пункту погляду простага жыхара Крынак як сімвала ўсёй гэтай тэрыторыі.

Сяргей ЧыгрынТак. І ён казаў мне, што яму добра працаваць з палякамі, яны яму дапамагаюць, шмат ўвагі надаюць прапагандзе беларускай літаратуры. А ў Беларусі – я не стану называць, як ён акрэсліў той стан, – адносіны зусім іншыя. І з гэтай нагоды Сакрат вельмі перажываў.

Пра Сакрата Яновіча і яго творчасць будуць сёння гаварыць удзельнікі Беларускіх Трыялогаў у Крынках. Сярод іх будзе і Сяргей Чыгрын.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя