Сяргей Егарэйчанка: «Жыццё цікавейшае за міфічныя прыдумкі»

Сяргей Егарэйчанка нарадзіўся 17 кастрычніка 1988 года. Сёлета скончыў гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» і пачаў працаваць у адноўленым Нясвіжскім музеі.

Дэбютаваў у дадатку «Літаратурная Беларусь» «Новага часу» творам «Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам».

У 2011 годзе атрымаў заахвочвальную прэмію імя Максіма Багдановіча ад Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра ў намінацыі «Проза» і выдаў сваю першую кнігу «Лебедзі паміраюць разам». 10 верасня ў мінскай «Галерэі «Ў»» прайшла яе прэзентацыя.

— Сяргей, кім марылася стаць у дзяцінстве? І ці думалася на гістарычным факультэце, што лёс звяжа з філалогіяй, з пісьменствам?


— Гэта можа падацца дзіўным, але я не памятаю, кім я хацеў стаць у дзяцінстве. Але каму ў дзесяць гадоў не марацца прыгоды? Прынамсі, гэтыя рамантычныя мары і цяпер засталіся са мной… Я люблю шукаць прыгоды і рабіць авантурныя ўчынкі.

Між тым, я думаў, што калі-небудзь я, як мінімум, буду спрабаваць пісаць мастацкія творы. Былі нейкія няўдалыя спробы, штосьці даводзілася да заканчэння, штосьці пакідалася на сярэдзіне, але нязменна гэта мне не падабалася. Пару разоў увогуле расчароўваўся ў гэтым занятку, але ўсё ж прага пісаць узяла верх…

— Якія адчуванні былі, калі узяў у рукі сваю першую кнігу — ведаючы пра цяжкасці дэбютаваць і надрукавацца?

— Асаблівых нейкіх пачуццяў не было, напэўна з-за таго што гэты працэс зацягнуўся і кніга выйшла з друку куды пазней, чым я планаваў. Потым гэтая падзея наўпрост стала ў шэраг іншых, не менш яскравых, таму, хоць, канешне, нельга сказаць, што я не адчуў усёй паўнаты моманту, але вастрыня неяк прытупілася. Але ўвесь час я цудоўна разумеў, што без падтрымкі Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра, без прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча гэтую кнігу я не выдаў бы яшчэ гады з два, і за гэта я вельмі удзячны. Прыемна было, нарэшце, патрымаць плён сваёй працы ў руках.

— Як пачыналіся заняткі літаратурай? Хто з пісьменнікаў «паўплываў»?

— Пачыналася спантанна. Заўжды цягнула неяк рэалізаваць на паперы свае думкі, каб не згубіць цікавыя рэчы, цікавыя сюжэты. Спрабаваў рабіць штосьці ўжо даўно, але, канешне, першай сур’ёзнай справай стала «Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам». Потым было ўжо лягчэй, бар’ер дэбюту быў «узяты».

А што тычыцца таго, хто паўплываў… Арыенціраў было шмат, з сусветных Рэмарк, крыху раней былі Дзюма, Гюго, з сучасных Вішнеўскі. Калі браць беларусаў, то гэта, канешне, Васіль Быкаў. Спадабалася творчасць Віктара Марціновіча сваёй стылістыкай і смеласцю. Але гэта тое, што толькі падабалася і, у пэўнай ступені, фарміравала светапогляд, як жыццёвы, так і літаратурны. Калі ж браць наяўнасць куміраў з пісьменніцкага свету, то такога магу назваць толькі аднаго — Караткевіча. Ён стаў для мяне сапраўдным літаратурным Богам і геніем. Прычым так атрымалася не адразу. Хоць сказаць, што мой улюблёны пісьменнік менавіта ён, я мог ужо пасля прачытання «Каласоў», на недасяжную для мяне вышыню ён узняўся на маім уласным Алімпе толькі пасля таго, як я паклаў на стол прычытаныя «Леаніды не вярнуцца да Зямлі». Гэта тая кніга, якая ў свой час наўпрост узарвала маю свядомасць і перакрэсліла ўсе мае ўяўленні аб тым, якія эмоцыі можна атрымаць ад мастацкага твора. Простая гісторыя насамрэч (будзем справядлівымі) звычайнай для пасляваеннага часу чалавечай трагедыі апісана з такой геніяльнасцю, такой кранальнасцю, якой я не сустракаў ні ў каго, з такім фантанам эмоцый, што, часам, у мяне ўзнікала думка, што кошт такога таленту і такой магутнасці — закладзеная ў ламбард Д’яблу ўласная жывая душа. Хоць, напэўна, нават Д’ябал не змог бы даць столькі таленту. Каб мець яго, трэба быць Богам самому — для мяне Караткевіч і стаў Богам, а «Леаніды…» — Бібліяй.

— Якой маладому пісьменніку бачыцца сучасная беларуская і сусветная літаратура?

— Цяжкае пытанне. Тым цяжэй на яго адказаць, што сучаснай літаратуры атрымліваецца чытаць няшмат — больш чытаецца і перачытваецца класіка, як сусветная, так і беларуская. З сучасных беларускіх літаратараў хацелася б адзначыць Віталя Рыжкова. Сваёй уласнай стылістыкай вельмі падкупляе Віктар Марціновіч. Падабаецца цэлы шэраг вершаў Славаміра Адамовіча.

З замежных аўтараў… верагодна, Януш Вішнеўскі, але толькі не яго раскручаныя бэстсэлеры кшталту «Самотнасці ў сеціве», а маленькія апавяданні, як, напрыклад, «Anorexia nervosa».

— Што найбольш атрымалася ў тваёй першай кнізе, якія бачацца недахопы?

— Як мне падаецца, найлепш за ўсё атрымалася сама задумка, сюжэтная лінія. Гэта тычыцца як «Аповесці пра чалавека, які не хацеў быць Богам», так і «Лебедзі паміраюць разам». Можа быць, правільна здолеў раставіць эмацыянальныя акцэнты — шмат людзей казала, што менавіта пікавыя, кульмінацыйныя моманты выклікаюць найбольшыя пачуцці, наймацнейшыя ўражанні. Увогуле, не мне судзіць, што атрымалася добра. Мне прасцей адзначыць, чым я не зусім задаволены: гэта, напрыклад, пэўныя хібы ў раскрыцці характараў персанажаў, якія (характары), можа быць, засталіся не зусім поўнымі і распісанымі. Шэраг пытанняў застаўся і па стылістыцы. Такія пытанні ўзнікаюць кожны раз, калі пачынаеш перачытваць тое, што напісаў. Але для таго чалавек штосьці і робіць, каб удасканальваць свае навыкі, працаваць з кожным разам усё лепш, набірацца досведу і рабіць менш памылак. Не бывае майстроў, у якіх атрымліваецца ўсё дасканала з першага разу. Я веру, што гэтая кніга — не апошняя, напісаная мной, і не самая лепшая. Ніколі нельга спыняцца — інакш навошта ўвогуле штосьці пачынаць?

— Ці ёсць ужо задумка наступнага твору?

— Безумоўна, пэўныя напрацоўкі ёсць, але рана пакуль казаць, што з гэтага атрымаецца, як і калі. Увогуле, рабіць справу, якая падабаецца, трэба калі ёсць для гэтага адпаведны настрой. Нельга гвалціць сябе, прымушаючы да чагосьці, выдаючы слова за словам праз сілу — нічога добрага з гэтага не выходзіць. Я веру, што лепш пісаць менш, але лепш. Верагодна таму, каб напісаць сваю першую (невялікую, 200 старонак) кнігу, я працаваў па кроплі цэлых два гады. І гэта, напэўна, правільна.

— Твая дэбютная аповесць узрасла на скрушных і скрутных беларускіх фактах першай паловы мінулага стагоддзя. Ці дапамагала гістарычная адукацыя ў літаратурнай дзейнасці? Як у творчасці ўвогуле спалучаецца дакументалістыка з выдумкай?

— Вельмі дапамагала. Калі б не гістарычная адукацыя, захапленне гісторыяй, верагодна, я б ніколі й не пачаў сур’ёзна штосьці пісаць. Як мінімум, дакладна не была б напісана «Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам». Пачалося ўсё са знаёмства з беларускім археолагам Мікалаем Мікалаевічам Крывальцэвічам, які ў свой час займаўся пытаннем Курапатаў, праводзіў археалагічныя даследванні ўрочышча разам з Пазняком і Іовам. Праз яго я й зацікавіўся гэтай тэмай, ды ўвогуле тэматыкай сталінскіх рэпрэсій на Беларусі. Пачаў збі­раць матэрыял, спрабаваць працаваць з дакументамі, назапашваць веды. Потым Мікалай Мікалаевіч пазнаёміў мяне з вядомым беларускім гісторыкам, знаўцам пытання рэпрэсій на Беларусі Ігарам Мікалаевічам Кузняцовым. Пад ягоным кіраўніцтвам я працягнуў вывучаць гістарычныя матэрыялы, што тычацца Курапат і ўвогуле масавых сталінскіх расстрэлаў. Фактычна, «Аповесць пра чалавека…» напісаная на базе атрыманых тады ведаў. Не бяру на сябе адказанасць сказаць, што яна грунтуецца на рэальных падзеях, але насамрэч рэальнасці там куды больш, чым выдумкі. Сапраўды былі падобныя сюжэты ў рэальным жыцці. Рэпрэсаваліся і расстрэльваліся фактычна ні за што ў ліку іншых вясковыя настаўнікі. Былі выпадкі, калі выпадковыя сведкі пранікалі на «закрытую» тэрыторыю і на свае вочы назіралі, як чэкісты выконвалі растрэльныя прысуды. Некаторыя з іх распавядалі пра гэта праз шмат гадоў потым. Але такіх былі адзінкі. Знаходкі з пахавальных ямаў — цалкам рэальныя, гэта тычыцца і такіх незвычайных артэфактаў, як футбольныя бутсы, партсігары з цыгарэтнай паперай. Медалік «O, Maryjo, Bez Grzechu Poczęta, módl się za nami, którzy się do Ciebie uciekają» таксама абсалютна рэальны... Дарэчы, у мяне самога з ім звязаныя пэўныя вельмі цікавыя падзеі, але гэта зусім асобная гісторыя…

Увогуле, рэальнае жыццё больш цікавае за нейкія міфічныя прыдумкі. Таму й рабіць сюжэты з рэальных падзеяў заўжды цікавей. Такія сюжэты захапляюць больш, кранаюць больш, з іх патыхае жыццём. Безумоўна, мастацкая літаратура немагчымая без фантазіі аўтара, але няма нічога добрага, я лічу, калі яна пачынаецца ёй і ёй жа скончваецца.

— Які літаратурны персанаж лічыш эталонным, узорам для пераймання ў жыцці і літаратуры?

— Такіх магу назваць некалькі. Але адзначыць хачу аднаго — таго, які застаўся яшчэ з дзяцінства, — героя серыі раманаў Аляксандра Дзюма графа Дэ ла Фэр, больш вядомага як Атос. Эталон сябра, эталон мужчыны, мужны, маўклівы, разважлівы і адукаваны. Чалавек, які перажыў цэлы стос уласных трагедый і пры гэтым зрабіўся толькі яшчэ больш моцным і ўпэўненым у сваім шляху і сваіх сілах. Ён геніяльна апісаны Дзюма, апісаны так, што складваецца ўражанне, што менавіта граф Дэ ла Фэр, а не д’Артаньян, быў улюблёным персанажам самога пісьменніка. Да таго ж, пры ўсіх хібах савецкай экранізацыі рамана, інтэрпрытацыя асобы Атоса акцёрам Веніамінам Смехавым, на маю думку, атрымалася проста шыкоўнай: граф выглядае менавіта такім, якім і мусіць быць — чалавекам, які без жалю раздае сябе сваім сябрам, ахвяруе ўсім, што мае, адважна змагаецца і пры гэтым застаецца нязменным лірычным героем з вачыма, у якіх, здаецца, можа патануць цэлы свет з усімі ягонымі трывогамі і надзеямі, з усім болем і пачуццямі.

Нездарма ад самага дзяцінства мне хацелася імкнуцца да таго, каб быць хоць трошачку падобным на такога чалавека. І, хоць гэта нерэальна, але памкненні яшчэ ніхто ніколі не забараняў, імкнуцца да лепшага — натуральнае жаданне любога нармалёвага чалавека.

Шмат хто пытаецца ў мяне: што значыць подпіс De la Fere пад апошняй аповесцю маёй кнігі. Гэты подпіс — маё імкненне стаць лепшым, стаць больш добрым, больш справядлівым і, у той жа час, больш моцным і трывалым да ўсяго, што выпрабуе на злом. Першая кніга і ёсць адзін з іспытаў на трываласць. Хочацца верыць, што я яго паспяхова здаў. Час пакажа.

— Дзякуй за размову. І дай Бог табе і моцы, і трываласці, і таленту!

Янка Скрыдлеўскі, "Літаратурная Беларусь" № 61